Леў Марголін: Дзяржава наўмысна пасылае людзей на жабрацтва!



На пасяджэнні Савета Міністраў прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў пра невыкананне плана па росце рэальных наяўных даходаў насельніцтва ў першым паўгоддзі. Пры гэтым Міністэрствам працы распрацаваны графік выхаду заработнай платы да канца года па ўсёй краіне на тысячу рублёў у месяц. Наколькі рэальныя лічбы, якія механізмы рэалізацыі альбо “ўсенароднага падману” могуць быць запушчаныя?

Напярэдадні сустрэчы з вядомым незалежным эканамістам Львом Марголіным, які пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю, я зрабіў апытанне на вуліцах Менска наконт таго, ці вераць людзі, што будзе да канца года абяцаны кожнаму заробак у “цэлую тышчу”. Вынік быў красамоўны – з 11 апытаных асобаў розных узростаў ды прафесій ніводзін (!) ужо не верыць уладам. З гэтага і пачалася размова з Львом Фёдаравічам.

Леў Марголін: Па-першае, разумею менчукоў, што Вам адказвалі – іх ужо столькі разоў падманвалі і кіраўніцтва ўраду, і асабіста Лукашэнка. Так што цяжка патрабаваць, каб верылі і ў чарговыя абяцанкі-цацанкі. Прынамсі, таксама не веру, бо ведаю што стаіць за памянёнай статыстыкай. Просты прыклад. Скажам, на прадпрыемстве працуе два дні на тыдзень 100 чалавек. І атрымліваюць за сваю працу 2млн ці 200 рублёў новымі. Дык паводле тае ж статыстыкі, гэта будзе азначаць, што працуе не сотня, а значна менш людзей – бо гэта пералічваецца на іх поўную занятасць. Адпаведна заробкі ў іх будуць на паперы ўжо 500-600 рублёў. Таму, дзякуючы такім і іншым хітрыкам дапускаю, што публічна адрапартуюць пры канцы года, што “тысяча рублёў ёсць!” Але людзям ад таго ані халодна, ані горача. Бо ведаюць, што і ў Менску знайсці працу на сённяшнія сярэднестатыстычныя 800 рублёў вельмі ня проста. А што тычыцца абласных і асабліва раённых гарадоў, бадай, немагчыма. Там 300-400 рублёў лічыцца вельмі годным заробкам. Калі ўлічыць, што ў вёсках і дагэтуль не дзіва заробак у мільён старымі… І яшчэ адзін фактар. Кабякоў кажа, што ў нас заробкі растуць за кошт падвышэння прадукцыйнасці працы. Але для гэтага існуюць два шляхі – нарошчваць выпуск прадукцыі. Для чаго яна павінна быць запатрабаваная па якасці ў краіне і за яе межамі. Для чаго ж мусяць быць тэхналагічныя рэформы. Але ёсць і другое выйсце – можна проста скарачаць людзей. Тады колькасць занятых будзе падаць, а сярэднія заробкі расці!

РР: Дарэчы, паводле тае ж статыстыкі, няпоўна заняты ў нас кожны пяты. Трэб прыгадаць і тое, што дадатак па беспрацоўю ў нас самы нізкі ў СНД і складае дзве базавых велічыні. Якія, паводле сведчанняў, пры выплаце ператвараюцца ў менш чым адну…

Леў Марголін: І ў іншых краінах, здараецца, колькасць беспрацоўных часова расце. Але тады дзяржава мусіць плаціць ім грошы, на якія можна пражыць – да 36 месяцаў, пакуль не ўладкуюцца ці перавучацца. Усяго гэтага ў Беларусі не робіцца. Нават па тых разліках бюджэту пражытковага мінімуму, што робіць урад, ніхто “разлічаную” суму не атрымлівае. Гэта значыць, што дзяржава наўмысна пасылае людзе на жабрацкае існаванне. І ніякага святла не бачна…

РР: Але якое “несвятло” Вы прагназуеце?

Леў Марголін: Безумоўна, пры жаданні зрабіць тысячу рублёў вельмі проста – запусціць друкарскі станок, як гэта ўжо рабілася неаднаразова. У выніку, можна займець і ўсе дзве тысячы. Але гэта не мае нічога агульнага з пастаўленымі за мэту 500-мі далярамі. Тым больш, толькі сёлета Лукашэнка пяць ці шэсць разоў казаў чыноўнікам – ніякіх рэформаў! Таму агульны татальны песімізм –я не ведаю, чым можа скончыцца…

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што, паводле разлікаў, рэальныя заробкі, якія можа пацягнуць айчынная эканоміка – могуць скласці ад 250 да 300 даляраў. Памер заробку ў 500 – ужо недасягальны.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя