Лічба вакансіяў у цэнтрах занятасці Берасцейшчыны скарацілася ўдвая
Беспрацоўным з Берасцейскай вобласці прапаноўваюць вакансіі ў іншых абласцях краіны. Пра гэта паведаміў старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Незалежных Прафсаюзаў Беларусі Валянцін Лазарэнкаў.
У берасцейкім цэнтры занятасці колькасць вакансіяў у параўнанні з пачаткам года скарацілася амаль удвая. Валянцін Лазарэнкаў распавёў, што менавіта таму грамадзяне не могуць знайсці працы па месцы жыхарства:
— Працаўладкаванне ідзе не толькі ў раёне той структуры, якая павінна працаўладкоўваць ці прапаноўваць працу. Сёння яны чамусьці адпраўляюць людзей з Пінска ў Барысаў і ў іншыя вобласці, і за тыя ж самыя грошы. Што самае цікавае адтуль нам тэлефануюць і кажуць, што там таксама могуць накіраваць у Берасцейскую вобласць: у Пінск і гэтак далей. Ідзе нейкая ператусоўка.
Як адзначыў Валянцін Лазарэнкаў, такая сітуацыя — вынік спынення працы шэрагу прадпрыемстваў на Берасцейшчыне, скарачэння колькасці працоўных месцаў і адсутнасці магчымасці ў уладаў кантраляваць гэты працэс.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце