Ліда – горад-банкрут?



Кіраўнік вертыкалі Ліды Міхаіл Карповіч у часе сустрэчы з працаўнікамі аўтазборачнага прадпрыемства “Неман” агучыў сенсацыйныя лічбы па збору падаткаў у горадзе. Дайце веры – сёлета іх аплачваюць ТОЛЬКІ піўзавод. Гэта звыш 300 млрд  рублёў. Ды – нешматлікія прадпрымальнікі. Але, у прыватнасці, лідскі бровар ужо 7 год належыць фінскай фірме Оlvi PLC. Іншымі словамі, чыноўнік пацвердзіў, што адзін з буйных прамысловых цэнтраў краіны стаў горадам-банкрутам. Я пагутарыў з кіраўніком суполкі “Моладзі БНФ”, электраманцёрам пажараахоўнай сігналізацыі завода “Оптык” Сяржуком Сідарэнкам ды кіраўніком Лідскай філіі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым. Дарэчы, ён – майстар участка аўтазборачнага завода “Неман”, дзе й выступаў памянёны мэр Ліды Карповіч.

Круцікаў: Спачатку, як усе ўладныя, Карповіч гаварыў пра “усё будзе добра”. Але пасля пытанняў пра кіламетровыя чэргі ў паліклініках ды ямішчы на так і не заасфальтаваных у часе “Дажынак” дарогі, пра не падключаныя да цяпла і электрычнасці дамы, “прагаварыўся”. Асноўнае напаўненне бюджэту ідзе праз “Лідскае піва” і тых, хто, у асноўным, засталіся на пахавальных паслугах прадпрымальнікаў.

Я сустрэўся раней з рабочым завода хлебапрадуктаў Зміцерам Зыбайлам. Рэкламныя ролікі прадпрыемства з, нібыта, паспяховай будучыняй запаланілі   дзяржаўны тэлеэфір. Аж не!

Зыбайла: Заробак ў мяне, як прыйшоў у 2008 і быў 500 даляраў! Паводле кваліфікацыі. Цяпер  – 4-4,5 беларускіх млн – не хапае аніяк! Каб не бацькі старыя, не выжыў! Пры тым, што жыву адзін – трусы, штаны купіш і няма тых „лімонаў”! Увогуле, я спецыяліст па вытворчасці палімерных плёнак – у Лідзе, як я, чалавекі 2-3. У Менску кватэра дорага, у лістападзе падвышэнне за квартплату і электраэнергію. У Расеі плацілі за маю працу ад тысячы да паўтары даляраў. Каб было канкрэтнае месца, я б паехаў – у „запасніку” трымаю…

…У прыцемках а 7 раніцы стаялі дзясяткі людзей, што чакалі падыходу працадаўцаў – як правіла, з аднаго з сезонных прадпрыемстваў, дзе літаральна ў гэты час патрабуюцца рознарабочыя і ёсць магчымасць разлічыць ужо ўвечары. Каб даведацца, хто і чаму ходзіць штодзень на “дзікі” найм на біржу, падыходжу да аднаго гурта людзей.

Мы беспрацоўныя! (шум, смех )

– Я гандлем займалася за мяжой, калі яшчэ чаўнакі былі – стала невыгодна…

Я да прыватніка ездзіла – больш стабільна, кожны дзень па 100-120 тысяч, на біржы не рэгістравалася, бо перадпэнсійны ўзрост…

– І я на біржу не спадзяюся…

З раніцы іду да біржавых чыноўнікаў. З карэспандэнтам Радыё Рацыя гутарыць адмаўляюцца.

Спадарыня: Я сама не буду размаўляць – я не маю права, да начальніка!

Не для мікрафона кажуць, што працы багата, але нізка аплачваемай ды цяжкай фізічна. Сапраўдную ж колькасць беспрацоўных вызначыць немагчыма – не лічаць неабходным рэгістравацца, каб атрымаць мізэрныя дапамогі.  Зрэшты, ля стэндаў з аб’явамі 2 мужчыны сярэдніх год.

РР: Даўно без працы?

Спадар: Са жніўня – працаваў на „бусе”, машыны не было – шэф мяняў-мяняў, дык што, сядзець на „яме” за 70 тысяч у дзень?

РР: А вас які б заробак устроіў?

Спадар: Чым болей, тым лепей! (смяецца ) Хаця б 2 млн  было…

Мой сталы знаёмы, краязнаўца ды гісторык Валерый Сліўкін пракаментаваў:

Cліўкін: Прафесійная Ліда сцякае туды, дзе можна добра зарабіць. Быў у мяне знаёмы экскаватаршчык, які каўшом захопліваў карабок запалак – цэлымі заставаліся і запалкі, і карабок. Працаваў ва ўпраўленні механізацыі будаўніча-мантажных работ. Сустрэў нядаўна – як жывеш? О, з’ехаў на Русь, працую ў Ніжнім Ноўгарадзе, зарабляю 120 тысяч рублёў. У мяне вочы на лоб – гэта ж каля 4 тысяч даляраў, дырэктары столькі не зарабляюць! Кажа, спачатку паклалі 50 тысяч, потым я ім катлаван як гахнуў за 12 машын, які яны мусілі 3 месяцы выкапаць, а я за 2 тыдні зрабіў – яны мне спачатку 80, а зараз 120 тысяч расейскіх рублёў. І старыя мае прыяцелі, якія кваліфікаваныя, пачынаюць са мной ез’дзіць і па 40-50 тысяч зарабляюць… Але “лафа” з Расеяй скончылася…

Сяргей Сідарэнка:  На „Оптыцы” ў савецкія часы працавала каля 4 тысяч, цяпер засталося каля 800 – бягуць людзі, хоць на кантракты падвесілі і не даюць звольніцца. Кідалі да крызы і Украіны працоўныя кніжкі, ехалі партыямі ў Расею, не стрымлівае ўжо нічога. У мяне па хвілінная тарыфікацыя, але выходзіць на рукі паўтара мільёна…

РР: Кантракты заключаюцца не меней чым на год і заробкі прыблізна, як у цябе?

Сідарэнка: Так, адміністрацыя маніпуліруе людзьмі хітра – знаходзіш на замену спецыяліста і звальняйся…

РР: Раней „Оптыка” вырабляла высакаякасныя лінзы для танкаў, цяпер – што?

Сідарэнка: Цяпер таксама на ўзбраенне – біноклі, прыборы для начнога назірання, на 90% ўсё ідзе на Расею. Калі мінімальны заробак мільён з нечым – нашто табе плаціць болей, калі ты ўсё роўна будзеш хадзіць-працаваць? Дый гастарбайтэрства – паўбяды, у асноўным, моладзь едзе, становяцца рабамі, сюды прыяжджаюць спітыя ды паўзабытыя. А там ніхто табе не дае ані жылля, ані добра зарабіць, таму што без кваліфікацыі. Рэжым у іх знішчыў палітычную ініцыятыву і прадпрымальніцкую – а нашто мне напружвацца, калі за гэта нічога не будзе?!

Круцікаў: Усе лідзкія прадпрыемствы стратныя, усе існуюць за кошт дзярждатацый. І нават іх ня могуць добра выкарыстаць. Я выдатна ведаю, што на мясакамбінаце, які зараз пад літоўцамі і будзе 80% прадукцыі індыкаў экспартаваць за мяжу – так і засталася стаяць мясарубка на паўтары тысячы тон кумпячыны італьянская. На абутковай фабрыцы не выкарыстоўваюцца швачныя машынкі з праграмным кіраваннем, купленыя ў самой Нямеччыне. Яны стаяць і старэюць ушчэнт!

Ілюстрацыя да сказанага – праца вядомага далёка за межамі краіны Лідскага піўзавода. Цяпер ён належыць беларуска-фінскаму УП. Мне ўдалося сустрэцца з намеснікам дырэктара па эканоміцы, спадарыняй Інай Назарук.

Назарук:  Працуем з вялікай інтэнсіўнасцю – не толькі ў беларускім працоўным заканадаўстве, але і ў міжнародным, там іншы падыход. Пасядзець, гарбату папіць у нас проста немагчыма. Калі дазволіў у часе працы бытавыя праблемы рашыць, прыйдзецца заставацца пасля. Людзі трымаюцца і за кошт таго, што падвышаць сваю кваліфікацыю – вітаецца. Галоўны тэхнолаг адвучыўся ў Акадэміі піваварэння ў Галандыі, начальнік варачнага цэха едзе ў Нямеччыну на паўгода…

РР: Па заробках – ніжэйшая і вышэйшая планка?

Назарук: Магу сярэднюю па заводу ў сезон у млн 5-5200. Выжываюць мацнейшыя – хто жадае вучыцца. Інжынер па ўкараненню новых праграм, дырэктар па маркетынгу – свабоднае валоданне ангельскай мовай, паехалі стажыравацца ў Лондан. Хто жадае адседзецца – не атрымліваецца…  

Круцікаў: Аграпрамаш стаіць, нават не могуць знайсці дырэктара. Новага шукаюць праз публічныя абвесткі ў інтэрнэце! Сярэднія заробкі па горадзе – 3-3,5 млн беларускіх. Пры тым, што і яе цяжкавата знайсці. А хіба змогуць на капейкі людзі хату пабудаваць, падтрымаць дзяцей, што, можа, захочуць атрымаць універсітэцкую адукацыю? Задача ўладаў – каб людзі, атрымаўшы мізэрныя заробкі, не бунтаваліся і не кралі…

РР: Захад чатырохмесячны выпрабавальны тэрмін зрабіў, а што з Еўра Азійскага Саюза? Калі ў Расеі паніжаюцца пенсіі, а адзін стрэл караблёў з Каспія каштаваў 30 млн даляраў?

Круцікаў: Зусім Беларусь не кінуць, але 3 мінулыя мільярды на адсоткі за даўгі, разумею, не дадуць! А тое, што знялі санкцыі з эканамічнага атачэння Лукакшэнкі – глеба для ўнутранай апазіцыі яму ж! Лукашэнка ў пастцы і для яго ня бачна выхаду. Як “схітрымся” выйсці з пасткі ўсе мы? Паглядзім…

Паводле апошніх статыстычных звестак, 13 з 16 галін беларускай прамысловасці працавалі і працуюць са стратамі. Па колькасці там да 50 адсоткаў такіх прадпрыемстваў. Такім чынам, Ліда – у ганебных першых радках гэтага “спісу”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя