Ліда: пыл у вочы замест мільёнаў



У часе апошняй вандроўкі ў Ліду журналісцкую ўдачу злапаў за бараду – сфатаграфаваў апошні аўтобус “Нёман” на сотню пасадачных месцаў, што сышоў з канвеера аднайменнага аўтазавода. Наўрад хто не бачыў гэтыя знешне кампактныя машыны, што бегаюць па ўсёй краіне.

Аднак рэальнасць за ўдалым фотаздымкам была самотнай. Перастала існаваць і само ўбытковае ТАА “Нёман”. Яно становіцца філіяй Менскага завода колавых цягачоў. Сітуацыя, як у люстэрку, выявіла гаротны стан з састарэлымі тэхналогіямі ды нізкімі заробкамі працуючых і на іншых прадпрыемствах горада. У чым пераканаўся, пераходзячы з аднаго завода на другі. На памянёным “Нёмане” гутарыў з майстрам электрацэху Уладзімірам Круцікавым.

Круцікаў: “Нёманы” былі даволі дарагія – па 270 тысяч даляраў. Былі сталыя заказы з Украіны, якія перарваліся па вядомых абставінах. Увогуле, першапачаткова завод быў разлічаны на 3 тысячы працоўных, што мусілі б выпускаць да 100 аўтобусаў у месяц. Так і было напачатку існавання ў 90-я мінулага веку. Але… не вытрымалі канкурэнцыі – прынамсі, з МАЗам. Сёлета ледзь дацягвалі да васьмі адзінак у месяц пры 200 працуючых. А каб зборачная вытворчасць працавала хаця б на сабекошт, трэба выпускаць мініўм 15. Адсюль знізіліся і заробкі. У лічаных сталых працаўнікоў, дзякуючы кваліфікацыі і стажу, яшчэ выходзіла да 5-6 млн. Я ж не ведаю, дзе набраць сабе электрыкаў – па 4 разраду заробак млн 800. Хто за такія грошы пойдзе працаваць?!”

Геаграфічна побач з былым цяпер “Нёманам” – камбінат хлебапрадуктаў “Лідская мука”.

Так-так, тая самая, чыя рэклама не сыходзіць з тэлеэкранаў. Ля шыкоўнага фасада заводаўпраўлення пагутарыў з наладчыкам Дзмітрыям Зыбайлам. У першым пытанні наўмысна падпусціў “пылу” – маўляў, заробак жа не меньш за праславутыя 500 даляраў? Суразмоўца толькі паціснуў плячыма.

Зыбайла: “Я не апошні спецыяліст на камбінаце, але выходзіць не больш за 3 млн. У сярэднім заробак у іншых яшчэ меней, калі не лічыць служачых “канторы”. А зараз наогул паразганялі ўсіх у адпачынкі за свой кошт…”

Пакінуўшы рытарычным пытанне пра “адкуль жа грошы на рэкламу”, перамяшчаюся да абутковай фабрыкі. Яе прадукцыя ў часы СССР літаральна расхоплівалася. У фірмовай краме – нуль наведвальнікаў. Я ж знаёмлюся з 47-гадовай вартаўніцай Алай.

Ала: „Вартаўніком гады тры – мільённы заробак чыстымі пасля падаходных. А працаваць з 8 да без 20 пяць. А я яшчэ шматдзетная маці. Чацвёра. Маім дзяўчаткам адной 15, другой 16 – вучацца ў Гародні ў вучэльні, атрымліваю дзярждапамогу на двух хлопчыкаў – адзін ходзіць у восьмы, другі ў чацвёрты класы. Дзесці чалавек 500 звольнілася з фабрыкі за апошнія два гады…”

Асабліва ўразіла гісторыя, расказаная 24-гадовым выпускніком Лідскага прафтэхліцэя Васілём Шумскім, што быў размеркаваны на філію “Лідааграпраммаша”.

Шумскі:Нам плацілі фенаменальна мала! Першы месяц разам з 300 тысячаў пад’ёмных атрымалі заробак аж 700 (!) тысяч рублей. Пасля скандалаў у бухгальтэрыі сталі выплачваць мінімалку. Двое нашых сяброў, што з намі не хадзілі, не атрымалі і яе – дзякуй богу, іх забралі ў войска. Яшчэ ў нас былі некалькі зваршчыкаў – хлопцы не вытрымалі і збеглі з завода праз паўгода. Праўда, перад гэтым вымушаныя былі заплаціць па 10 млн “з носа” “адступных” – такія ўмовы паставіла адміністрацыя. Зрэшты, і сталыя рабочыя, каб зарабіць ад 2 да 3 млн, мусяць працаваць на 2 гадзіны болей і ў выхадныя…“

Мой сталы знаёмы, краязнаўца ды гісторык Валерый Сліўкін пракамэнтаваў пасля.

Cліўкін: „Прафесійная Ліда сцякае туды, дзе можна добра зарабіць. Быў у мяне знаёмы экскаватаршчык, які каўшом захопліваў карабок запалак – цэлымі заставаліся і запалкі, і карабок. Працаваў ва ўпраўленні механізацыі будаўніча-мантажных работ. Сустрэў нядаўна – як жывеш? О, з’ехаў на Русь, працую ў Ніжнім Ноўгарадзе, зарабляю 120 тысяч рублёў. У мяне вочы на лоб – гэта ж каля 4 тысяч даляраў, дырэктары столькі не зарабляюць! Кажа, спачатку паклалі 50 тысяч, потым я ім катлаван як гахнуў за 12 машын, які яны мусілі 3 месяцы выкапаць, а я за 2 тыдні зрабіў – яны мне спачатку 80, а зараз 120 тысяч расейскіх рублёў. І старыя мае прыяцелі, якія кваліфікаваныя, пачынаюць са мной езьдзіць і па 40-50 тысяч зарабляюць…”

 

Яшчэ адна ілюстрацыя да пачутага – праца вядомага далёка за межамі краіны Лідскага піўзавода. Цяпер ён належыць беларуска-фінскаму УП. Мне ўдалося сустрэцца з намеснікам дырэктара па эканоміцы, спадарыняй Інай Назарук. Балазе, сёння гэта адзінае рынкавае прадпрыемства ў Лідзе.

Назарук: „Працуем з вялікай інтэнсіўнасцю. Пасядзець, гарбату папіць у нас проста немагчыма. Калі дазволіў ў часе працы бытавыя праблемы рашыць, прыйдзецца заставацца пасля. Людзі трымаюцца і за кошт таго, што падвышаць сваю кваліфікацыю – гэта і кіраўніцтвам вітаецца. Галоўны тэхнолаг адвучыўся ў Акадэміі піваварэння ў Галандыі, начальнік варачнага цэха едзе ў Нямеччыну на паўгода…”

Карэспандэнт: „Па заробках – ніжэйшая і вышэйшая плянка?”

Назарук: „Магу сярэднюю па заводу – 4 млн 700, у сезон 5-5200. Выжываюць мацнейшыя – хто жадае вучыцца. Інжынер па ўкараненню новых праграм, дырэктар па маркетынгу – свабоднае валоданне ангельскай мовай, паехалі стажыравацца ў Лондан Хто жадае адседзецца – не атрымліваецца…”

Заканчваю падарожжа на гарадской ускраіне, дзе месціцца некалі элітны „Оптык”. Электраманцёрам пажарна-ахоўнай сігналізацыі тут працуе 31-гадовы Сяргей Сідарэнка. Дарэчы, ён ужо палітык са стажам. Ведае і можа пракаментаваць агульнагарадзкую сітуацыю па заробках.

Сідарэнка: „На „Оптыцы” ў савецкія часы працавала каля 4 тысяч чалавек, цяпер засталося каля 800 – бягуць людзі, хоць на кантракты падвесілі і не даюць звольніцца. Кідаюць працоўныя кніжкі ды едуць партыямі ў Расею, не стрымлівае ўжо нічога. У мяне пахвілінная тарыфікацыя, але выходзіць на рукі паўтара-два мільёна. Адміністрацыя маніпуліруе людзьмі хітра – „знаходзіш на замену спецыяліста і звальняйся”. Працуем зараз па 4 дні на тыдзень – прымушаюць пісаць заявы на адпачынак, быццам, бульбу саджаць ці яшчэ што. Атрымліваецца для статыстыкі, нібы, заробкі не паменелі, а рэальна маем на трэць меньш. Дарэчы, тое самае і на заводзе электравырабаў…”

У гэтым рэпартажы не гаварылася пра масавае беспрацоўе, што існуе таксама ў Лідзе. Зрэшты, яго немагчыма рэальна падлічыць. Афіцыйна гэта 2-3 % працаздольных, што зарэгістраваныя на біржы. Рэальна – тысячы працуючых на выпадковых заробках і тыя, што з’ехалі ў Расею ды Літву. На існуючых прадпрыемствах, паводле адмыслоўцаў, перспектыва адна – кіраўніцтва будзе пускаць пыл у вочы працуючым замест абяцаных Лукашэнкам сотняў даляраў у кішэнях…

Віталь Сямашка, Беларускай Радыё Рацыя. Фота аўтара.