Лідары Еўразвязу не дамовіліся наконт ратавальнага плану для эканомікі
Лідары Еўразвязу пасля другога дня саміту ў Бруселі не дамовіліся наконт ратавальнага плану для эканомікі пасля пандэміі.
Паводле звестак Reuters, асноўная прычына зацягнутых перамоў – жаданне некаторых краін ашчадзіць грошы. У пятніцу кіраўнікі краін спрачаліся наконт аднаўляльнага фонду памерам 750 млрд еўра. Агульны бюджэт мусіў скласці 1 трлн еўра. Аднак гэтыя прапановы былі заблакаваныя групаю багатых дзяржаў: Нідэрландамі, Аўстрыяй, Швецыя і Даніяй. Яны прапаноўваюць выдаваць крэдыты, а не гранты для краін, найбольш пацярпелых ад пандэміі, якія з большага знаходзяцца вакол Міжземнага мора. Таксама паводле іх варта ўзмацніць кантроль над выдаткамі гэтых сродкаў. Абмеркаванні працягваліся і сёння.
Краіны Еўразвязу сярод найбольш пацярпелых ад каронавірусу ў свеце. Увесну на працягу некалькіх тыдняў па ўсёй Еўропе быў уведзены жорсткі каранцін. Аналітыкі кажуць, што зараз Еўропа перажывае найбольш моцны эканамічны шок з часоў Другой сусветнай вайны.
Фота: Reuters