Лідары ЕЗ праводзяць саміт па зборы сродкаў на барацьбу з COVID-19
4 траўня кіраўнікі дзяржаў Еўразвязу і іншых краін праводзяць віртуальны саміт з мэтай сабраць сем з паловай мільярдаў еўра на барацьбу з каронавірусам. Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен раней назвала гэтую падзею «сапраўдным марафонам».
Па папярэдніх дадзеных, чатыры мільярды еўра будуць накіраваныя на даследаванні вакцыны, два мільярды – на лячэнне пацыентаў і паўтара мільярда – на тэставанне.
Кіраўнікі еўрапейскіх краін перад самітам заявілі, што сабраныя сродкі будуць накіраваныя агульнапрызнаным сусветным арганізацыям аховы здароўя. Ніякіх новых структур ствараць не плануецца.
Да саміту павінны далучыцца лідары з Аўстраліі, Канады, Ізраіля, Японіі, Іярданіі, Паўднёвай Афрыкі і Турцыі, а таксама пасол Кітая ў ЕЗ. Брусель заклікаў да ўдзелу ў віртуальнай сустрэчы Вашынгтон, аднак пра рашэнне ЗША пакуль не паведамляецца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ЕРА