„Лідскае піва” плануе пашырыць прысутнасць на еўрапейскім рынку



ААТ „Лідскае піва” ў 2018 годзе плануе пашырыць сваю прысутнасць на еўрапейскім рынку. Пра гэта 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла дырэктар па продажах прадпрыемства Алена Аўдзеенка.

Паводле яе слоў, расейскі рынак па-ранейшаму застанецца асноўным для экспартных паставак, „але яго доля скарачаецца, і пашыраюцца рынкі збыту ў краінах ЕС”. Па еўрапейскім накірунку кампанія працягвае супрацоўнічаць з партнёрамі ў Германіі, Літве, Балгарыі, Польшчы. У 2017 годзе квас „Лідскі” пачаў пастаўляцца ў сеткі „Ашан” і Tesco. „Былі ажыццёўлены першыя пастаўкі ў Славакію, ў гэтым годзе ў планах пастаўкі ў Чэхію. Выходзіць на рынкі еўрапейскіх краін з квасам даволі складана, паколькі для іх гэта незнаёмы прадукт. Часам працэс займае да двух гадоў”, — сказала Аўдзеенка.

Адносна польскага рынку яна звярнула ўвагу на „складанасці перакладу”. „Уся інфармацыя ідзе на польскай мове і пэўны час займае пераклад, каб зразумець і ўлічыць усе заканадаўчыя нюансы абедзвюх краін. З квасам мы ўжо адаптаваліся ў „Ашане” і Tesco, з півам выходзім на паліцы Intermarche. Цяпер праводзім перамовы з сеткай Bedronka (каля 2.700 магазінаў), квас паставім ужо ў канцы красавіка, па піве — працягваем перамовы”, — паведаміла дырэктар па продажах.

Пры гэтым яна заўважыла, што ёсць асаблівасці еўрапейскага рынку піва, там у большай ступені запатрабаваная бляшанка, у якую прадпрыемства амаль не разлівае, паколькі няма ўласнай лініі. „Мы будзем прапаноўваць піва ў шкле, ПЭТ-тара ў Еўропе наогул не запатрабаваная”, — патлумачыла прадстаўнік „Лідскага піва”. Паводле яе слоў, мінімальная партыя, якую закупляюць еўрапейскія партнёры на ўмовах самавывазу, адна фура, або 20 тыс. літраў.

Паводле слоў Аўдзеенкі, на расейскім рынку (у асноўным Масква, Маскоўская вобласць) прадукцыя прадпрыемства прадаецца ў вядомых гандлёвых сетках, якія ўваходзяць у топ-5 у Расеі. Зараз ідуць пробныя пастаўкі ў сетку „Магніт”, завяршаюцца перамовы з сеткай „Стужка”. „Гэта вядомы дыскаўнтар, яны просяць нізкія цэны, але наша задача — зарабіць на экспарце. Спадзяюся, знойдзем пункты сутыкнення”, — сказала яна.

Паводле яе інфармацыі, у 2017 годзе экспарт піва вырас на 1,6% да 15 млн літраў, экспарт квасу скараціўся на 5,1% да 18,4 млн. „Мы паставілі перад сабой амбіцыйныя планы на 5% павялічыць экспартны продаж у 2018 годзе”, — падагульніла Аўдзеенка.

belapan.by