Лідскі квас дабраўся да Швейцарыі



Лідскі квас заняў палову ўнутранага рынку і падвоіў экспарт напярэдадні 100-гадовага юбілею квасаварэння. А ў пачатку года першыя пастаўкі пайшлі ў супермаркеты Швейцарыі. Пра гэта распавёў на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» Аўдрыус Мікшыс.

Квас з Ліды выбірае кожны другі спажывец у Беларусі. Па дадзеных Nielsen, доля вытворцы ў натуральным выразе складае 50,3% з улікам СТМ рытэйлераў, а ў грошах – 55,2%.

Упершыню экспарт Лідскага квасу перавысіў пастаўкі на ўнутраны рынак. За мяжой рэалізавана звыш 36 млн. літраў – амаль у 2 разы больш, чым годам раней. Асноўным рынкам застаецца Расея, дзе беларуская кампанія ўвайшла ў федэральныя сеткі. Растуць таксама продажы ў Польшчы, Літве, Ізраілі, Германіі і Балгарыі.

Геаграфія паставак пашыраецца на Захад: так, у пачатку года Лідскі квас сталі прадаваць у Швейцарыі. А ў хуткім часе ён з’явіцца ў Славакіі, Чэхіі і Венгрыі. Квас для еўрапейцаў перастае быць экзотыкай, попыт на яго няўхільна расце.

«Лідскае піва» рыхтуецца да 100-годдзя квасаварэння, якое прыйдзецца на 2020 год. Гадавіну сустрэнуць маштабнымі мерапрыемствамі па ўсёй краіне.

Кампанія «Лідскае піва» стала часткай міжнароднай групы Olvi ў снежні 2008 года. Фінскі канцэрн на бягучы момант валодае 95,87% акцый. Прадпрыемства ўваходзіць у лік найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у Гарадзенскай вобласці.

Паводле прэс-рэлізу