Літоўскі палітолаг: БелАЭС — гэта праект „Расатама”



Адносіны Беларусі і Літвы моцна не зменяцца з уводам у эксплуатацыю АЭС у Астраўцы (Гарадзенская вобласць). Пра гэта заявіў БелаПАН выкладчык Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс паводле вынікаў дыскусіі „Літва і Беларусь — дыстанцыя ад выбараў да выбарчых кампаній”, якая прайшла 14 чэрвеня ў літоўскім сейме.

„Жорстка сітуацыя мяняцца не будзе. Зараз палітыкі Літвы працуюць, каб зрабіць усё магчымае, каб яе не запускалі. Калі такое здарыцца, то ўжо парламент вырашыў не закупляць электрычнасць з астравецкай АЭС і перашкаджаць яе імпарту. Гэта беларускі бок павінен добра разумець, таму што гэта не толькі пытанне магчымай аварыі, але і пытанне энергетычнай бяспекі Літвы. Трэба шчыра сказаць, што гэтая электрычнасць расійская, гэта праект „Расатама”, — адзначыў палітолаг.

Паводле яго слоў, бакі „асляпляе” пытанне БелАЭС, але пры гэтым ёсць іншыя галіны, дзе Літва з Беларуссю супрацоўнічаюць на добрым узроўні.

„Думаю, будзе працягвацца той жа транзіт у Клайпеду, які выгадны абодвум бакам, таксама гандаль, літоўскія інвестыцыі ў Беларусь. Мы не краіна рэжыму, мы не можам забараняць гэта рабіць сваім бізнесменам, ды і не будзем, гэта іх інтарэс. Я думаю, што трэба выбудоўваць масты як на грамадзянскім, так і на бізнес-узроўні”, — сказаў Юрконіс.

На яго думку, для развіцця адносін з беларускімі ўладамі неабходны „сігнал” з Мінска.

„А беларускія ўлады — калі яны пакажуць хоць нейкі прыклад добрасуседскіх адносін, хоць нейкі сігнал. Дзесяць гадоў таму Даля Грыбаўскайтэ была флагманам таго, каб Беларусь была больш у Еўропе, двойчы сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам. І што? У снежні 2010 года атрымала назад па поўнай, беларускія ўлады, на жаль, Літву падвялі. З гэтага моманту акрамя інвестыцый у Клайпеду, якія былі беларусам такія ж выгадныя, больш нічога пра добрасуседскія адносіны мы сказаць не зможам”, — лічыць Юрконіс.

Ён адзначыў, што паказчыкам змены адносін можа стаць цырымонія перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага найбліжэйшай восенню, у рамках якой, на думку палітолага, павінна адбыцца сустрэча на высокім узроўні. „Паглядзім, ці будзе Беларусь схільная абмяркоўваць нават такія мяккія пытанні, як гістарычная памяць, сталінскія рэпрэсіі, таго ж Кастуся Каліноўскага. Магчыма, крок за крокам будзем патроху ўмацоўваць давер на больш высокім узроўні”, — падсумаваў ён.

belapan.by

Фота minsknews.by