Літоўскі прэм’ер хоча прапанаваць пераабсталяваць БелАЭС



Прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс, які балатуецца ў прэзідэнты краіны, заявіў пра намер звярнуцца да ўладаў Беларусі з прапановай стварыць на базе інфраструктуры, сетак і генеруючага абсталявання БелАЭС электрастанцыю на газе, паведамляе партал навін Delfi.

„Мы прапанавалі б Беларусі прыняць стратэгічнае рашэнне развіваць самастойную і дыверсіфікаваную энергетычную гаспадарку, — заявіў літоўскі прэм’ер. — Мы таксама бачым перспектывы ў галіне аднаўляльнай энергетыкі, з-за якой краіна не загразае ў праектах, якія доўжацца сотні гадоў. Вядома, гэта права Беларусі рабіць выбар: развіваць аднабаковую залежнасць ад заснаванай на адной краіне энергетычнай палітыкі ці прадпрымаць стратэгічныя змены ў сферы энергетыкі. Такім шляхам ідзе Літва, якая магла б быць і добрым прыкладам, і выгадным партнёрам для Беларусі”.

„Калі мы хочам канкрэтнага выніку, то нам варта не пустасловіць, а прапанаваць сваім суседзям рашэнне і, магчыма, паспрыяць яго рэалізацыі. Рашэнне, якое дапаможа выправіць памылку няправільнага выбару месца для развіцця ядзернай энергетыкі, зняць пастаўленае Канвенцыяй Эспа „кляймо”. Такая прапанова Беларусі і будзе зробленая”, — заявіў Скверняліс.

Як паведамлялася раней, на сустрэчы з выбаршчыкамі ў канцы лютага Скверняліс паведаміў, што ў яго ёсць „план-хуліган” і ён мае намер прапанаваць Беларусі „рацыянальнае рашэнне з нагоды БелАЭС”. Падрабязнасцяў свайго плана палітык тады не раскрыў.

Пасля гэтага дзейны прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што Літве неабходна дамагацца закрыцця БелАЭС, а не прагматычна падыходзіць да пытання будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі, бо гэта спроба „гандляваць бяспекай людзей”.

На пасяджэнні 7 лютага бакі Канвенцыі Эспа палічылі пададзеную Беларуссю інфармацыю аб выбары пляцоўкі для будаўніцтва АЭС недастатковай для таго, каб прызнаць, што краіна выконвае патрабаванні канвенцыі. Яны ўхвалілі высновы камітэта па выкананні канвенцыі аб тым, што ў дакументацыі па ацэнцы ўздзеяння БелАЭС на навакольнае асяроддзе „згадваюцца альтэрнатыўныя месца размяшчэння атамнай электрастанцыі і крытэрыі выбару пляцоўкі, але не прыводзіцца дастатковай інфармацыі ў падтрымку і абгрунтаванне выбару Астравецкай пляцоўкі для прыняцця канчатковага рашэння ў дачыненні да гэтай дзейнасці ў адпаведнасці з канвенцыяй”.

Упраўленне інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі заявіла аб „глыбокім расчараванні” рашэннем бакоў Канвенцыі Эспа. На думку знешнепалітычнага ведамства, гэта „антыбеларуская рашэнне нарады было прынятае па ініцыятыве дэлегацыі Еўрасаюза, каб дагадзіць Літве”.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца летам 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВ·гадз электраэнергіі штогод.

Літва з’яўляецца самым актыўным крытыкам БелАЭС. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва АЭС вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

15 чэрвеня 2017 года літоўскі сейм прыняў закон аб прызнанні БелАЭС небяспечнай. У дакуменце сказана, што станцыя ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расеі.

belapan.by