Літоўскім крамам дазволяць прадаваць пратэрмінаваныя прадукты



У Літве крамам дазволяць прадаваць прадукты, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці, піша delfi.lt. Дазвол, праўда, закране толькі прадукты з вялікім тэрмінам прыдатнасці — год і болей. Напрыклад, крупы, муку, цукар-пясок ці алей. Прадукты дазволяць прадаваць, калі вытворца пазначыў дату, да якой варта выкарыстоўваць прадукт.

Фота: © Shutterstock

„Мы хочам дазволіць даўжэй прадаваць тыя тавары, на якіх пазначана „лепш да”. Гэта не датычыць тых, на якіх пазначана „прыдатны да”. Так і прадуктаў менш выкінем, і людзі змогуць купіць танней”, — тлумачыць міністр эканомікі Аўшрыне Арманайце. У Літве кажуць, што раней такія прадукты перадавалі „харчоваму банку”. „Значыць, маглі аддаваць іх на дабрачыннасць, але прадаваць не маглі”, – адзначае прадстаўніца кампаніі Iki Вайда Будранэ.

У Міністэрстве эканомікі мяркуюць, што продаж пратэрмінаваных прадуктаў дапаможа змагацца з празмерным выдаткаваннем прадуктаў. У Літве штогод выкідваюць 400 000 тон прадуктаў. Разам з тым, гучаць і галасы супраць такога рашэння. Уладальнікі крамаў баяцца, што такімі прадуктамі будзе лёгка атруціцца.

Беларускае Радыё Рацыя