Літоўцы выйдуць з праекта Еўракамісіі па бяспецы БелАЭС



Навукоўцы Інстытута энергетыкі Літвы (ІЭЛ), якія кансультуюць беларускіх спецыялістаў у галіне ядзернай бяспекі, не павінны браць удзелу ў фінансаваным Еўракамісіяй міжнародным праекце па забеспячэнні бяспекі будаўніцтва БелАЭС, заявіла 26 верасня балтыйскаму інфармагенцтву BNS міністр адукацыі і навукі Літвы Юргіта Пятраўскене.

„З улікам палітычнага кантэксту навукоўцы ІЭЛ не павінны браць удзелу ў праекце БелАЭС”, — цытуе чыноўніцу навіновы партал delfi.lt.

Незадоўга да заявы міністра яе дарадца па вышэйшай адукацыі Эўгеніюс Буткус паведаміў агенцтву BNS: Беларусь сама звярнулася ў Еўракамісію з просьбай выключыць Літву з праекта „ў сілу яе жорсткай пазіцыі па пытанні пра БелАЭС”.

Ён адзначыў, што навукоўцы ІЭЛ выйдуць з праекта, „калі будзе аб’яўленая афіцыйная пазіцыя [Еўракамісіі] не ўдзельнічаць”. У той жа час дарадца міністра выступіў за ўдзел літоўскіх прадстаўнікоў у гэтым праекце, паколькі, на яго думку, у гэтым выпадку Літва мела б магчымасць „аказваць уплыў у справе дасягнення забеспячэння бяспекі” БелАЭС.

Раней кіраўнік ІЭЛ Сігітас Рымкявічус паведаміў балтыйскаму інфармагенцтву, што мэта гэтага праекта — укараненне ў Беларусі заходніх стандартаў ядзернай бяспекі, што, на яго думку, „прыносіць карысць”. Тым не менш МЗС Літвы запатрабавала ад інстытута перагледзець сваю пазіцыю з нагоды ўдзелу навукоўцаў у праекце.

Аналагічную пазіцыю заняло таксама Міністэрства энергетыкі Літвы, афіцыйны прадстаўнік якога Аўрэлія Вярніцкайте заявіла, што літоўскія арганізацыі не павінны ўдзельнічаць ні ў якіх праектах па БелАЭС, паколькі Вільнюс прызнаў гэтую атамную станцыю „пагрозай для нацыянальнай бяспекі”.

belapan.com