Літр паліва ў Беларусі блізу 2024 года можа каштаваць 1 еўра



Міністэрства фінансаў падлічыла, што з-за расейскага падатковага манеўру цана літра аўтамабільнага паліва ў Беларусі можа вырасці да 2024 года да аднаго еўра, такім чынам, паліва падаражэе ў паўтара раза. 

З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ аўтамабільнае паліва ў Беларусі практычна штотыдзень даражэе другі год. У прыватнасці, за 2018 год бензін АІ-95 падаражэў з 1,27 да 1,54 рубля за літр (на 21,2%), дызельнае паліва — з 1,29 да 1,54 рубля (на 19,4%).

Сёлета „Белнафтахім” ужо дзевяць разоў абвяшчаў пра падвышэнне цэн (кожны раз на капейку) аўтамабільнага паліва. У выніку з 21 красавіка, пасля чарговага падаражання, бензін АІ-92 стаў каштаваць 1,52 рубля за літр, АІ-95 — 1,63 рубля, АІ-98 — 1,84 рубля, дызельнае паліва — 1,63 рубля за літр. 

Згодна з ацэнкамі Міністэрства фінансаў, з-за расейскага падатковага манеўру кошт літра паліва ў краіне можа вырасці да аднаго еўра (курс еўра зараз у Беларусі складае 2,36 рубля). 

„Нават пры нязменным курсе беларускага рубля ва ўмовах падатковага манеўру, які рэалізуецца Расеяй, штогадовае падвышэнне цэн на бензін і дызпаліва чакаецца ў аб’ёме 13-15 капеек, што прывядзе да павелічэння кошту аднаго літра паліва блізу 2024 года да 1 еўра”, — адзначае намеснік начальніка аддзела ўскоснага падаткаабкладання, маёмасных падаткаў i iншых плацяжоў галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Мінфіна Максім Канюшка. 

У сваім артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса Мінфіна „Финансы, учет, аудит”, Канюшка выказаў меркаванне, што ва ўмовах уплыву на Беларусь расейскага падатковага манеўру не варта прымаць дадатковыя рашэнні, які могуць прывесці да яшчэ большага росту ўнутраных цэн на аўтамабільнае паліва. 

Прадстаўнік Мінфіна канстатаваў, што падчас нядаўняга грамадскага абмеркавання праекта прэзідэнцкага ўказа „Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху” большасць удзельнікаў настойвалі на неабходнасці ўключэння дзяржпошліны ў кошт паліва (каб найбольшы дарожны збор выплачвалі тыя аўтаўладальнікі, якія больш ездзяць).

Аднак, мяркуе Канюшка, уключэнне дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ў кошт паліва немэтазгоднае, бо ў гэтым выпадку цана паліва можа апынуцца занадта высокай для насельніцтва. 

Прадстаўнік Мінфіна звяртае ўвагу, што з-за росту ўваходнай цаны на нафту паліва на ўнутраным рынку будзе і так павялічвацца ў цане, і яго дадатковае падаражанне за кошт уключэння згаданай дзяржпошліны „ў наяўных умовах толькі падвысіць сацыяльную напружанасць у грамадстве і негатыўна адаб’ецца на фінансава-эканамічных паказчыках суб’ектаў гаспадарання”. 

Беларускія эканамісты падзяляюць чаканні Мінфіна і лічаць, што паліва на ўнутраным рынку будзе працягваць даражэць. 

БелаПАН