Літва абмежавала доступ беларускай электраэнергіі на рынак краін Балтыі



Літва абмежавала доступ беларускай электраэнергіі на рынак краін Балтыі – робіцца гэта, каб пастаўкі электраэнергіі з Астравецкай АЭС, якую Літва лічыць вельмі небяспечнай, былі ўвогуле немагчымыя.

У размове з „Радыё Рацыя” сітуацыю пракаментаваў старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук:

– У Літве акрамя гэтых абмежаванняў ёсць яшчэ і рашэнне ўрада, ёсць рашэнне Сейма, дзе ўсе фракцыі і ўсе палітыкі падпісалі заключэнне, што не будуць купляць электраэнергію з БелАЭС. Адпаведна, гэты пераход паміж Беларуссю па ЛЭП у Літву і далей на Прыбалтыку, ён зараз будзе блакавацца Літвой, пакуль Літва, Эстонія і Латвія не падпішуць нейкае пагадненне пра тое, як яны далей будуць дзейнічаць. Літва будзе кіравацца сваім заканадаўствам, а там жорстка і дакладна прапісана, што з БелАЭС электраэнергія не мусіць трапляць на тэрыторыю Літвы.

РР: Зараз Астравецкая АЭС прастойвае. Яна адлучана ад сеткі і не выпрацоўвае электраэнергію ажно з ліпеня месяца.

Зміцер Кучук: Так, нашыя актывісты кажуць, што рэактар не працуе. І Мінэнерга таксама не гаворыць, калі яны яго запусцяць. Відаць, сур’ёзная паломка. Я думаю, што там трэба будзе мяняць абсталяванне цалкам, таму гэта можа заняць каля паўгода. Добра, што АЭС не працуе. Лепш бы яны яе і надалей не запускалі.

РР: Гучаць, магчыма, канспіралагічныя тэорыі, што і БелАЭС, і магчыма “Гродна Азот” (кажуць, там два цэхі спыняюць) прыпынілі працу на час вучэнняў і, магчыма, на час мігранцкага крызісу. І АЭС, і іншыя экалагічна небяспечныя прадпрыемствы могуць апынуцца ў зоне паразы.

Зміцер Кучук: Магчыма тут іншая сітуацыя, бо на “Гродна Азоце” ёсць вялікі незалежны прафсаюз, магчыма, рабочыя далучаюцца да нейкіх італьянскіх забастовак і гэта неяк уздзейнічае на працу. А калі такое існуе і на БелАЭС, то, магчыма, прычына крыецца ў гэтым, а не ў вучэннях.

РР: Але ўсё ж такі на мяжы такія аб’екты, як АЭС, будаваць, як высвятляецца,  небяспечна.

Зміцер Кучук: Заўсёды такога кшталту аб’екты з’яўляюцца прывабнымі ў тым ліку і для тэрарыстаў. І ўсё гэта мусіць кантралявацца і быць больш абаронена. А якраз побач з мяжой усе гэтыя працэсы адбываюцца. І гэта можа быць небяспечна для жыхароў і Літвы, і Беларусі, і Польшчы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя