Літва абмежавала вываз еўра ў Беларусь: €60 на чалавека
Літоўская мытня абмежавала суму наяўных грошай у еўра, якую можна вывезці ў Беларусь для асабістых патрэб. Пра гэта паведамляе выданне delfi.lt.

У выніку тыя, хто едзе ў Беларусь або Расею праз літоўскую мяжу, могуць везці не больш за €60 наяўных на чалавека.
Такая ж сума для асабістых патрэб прадугледжана і для работнікаў кампаній – напрыклад, для кіроўцаў.
Пры гэтым вываз наяўных грошай у іншай валюце не абмежаваны.
Выданне ўдакладняе, што пры выяўленні большай сумы наяўных у еўра дэкларацыя аформлена не будзе, а чалавека вернуць у Літву. За парушэнне дзейнага парадку пагражае адміністрацыйная адказнасць.
Выключэнне зрабілі толькі для дыпламатычных ведамстваў і консульскіх аддзелаў ці міжнародных арганізацый у Беларусі і Расеі. Размова ідзе аб тых, хто па міжнародным праве карыстаецца імунітэтам.
Раней Еўразвяз забараніў прадастаўляць Беларусі банкноты ў еўра. Прадаваць, пастаўляць, перадаваць ці экспартаваць такія банкноты забаронена і ў Расею.
