Літва гатовая даць Беларусі магчымасць імпарту нафты цераз яе порт



Літва гатовая даць Беларусі магчымасць імпарту нафты цераз літоўскі порт як альтэрнатыву імпарту з Расеі, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв’ю CNN.

Літоўскі кіраўнік адзначыў, што яго краіна можа дапамагчы Беларусі, залежнай ад расейскай нафты, «захаваць хаця б нейкую частку незалежнасці». «Напрыклад, шляхам стварэння альтэрнатыўных каналаў імпарту нафты цераз наш порт, бо цяпер яны цалкам залежаць ад расейскага нафтаправоду. Яны шукаюць альтэрнатыву. Ёсць Літва», – сказаў Наўседа.

На пытанне, як на гэта адрэагуе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, Наўседа адказаў: «Не думаю, што ён будзе задаволены, калі пачуе гэта». «Але я думаю, што наш абавязак дапамагчы ім», – дадаў ён.

Прэмʼер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс, паведамляе Delfi, у верасні пасля сустрэчы з прэмʼер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім заявіў, што Літва і Польшча разглядаюць праекты, якія маглі б дапамагчы Беларусі атрымаць энергетычную незалежнасць ад Расеі. Ён сказаў, што разглядаецца дыверсіфікацыя крыніц з дапамогай літоўскай інфраструктуры.

Літва мае тэрмінал звадкаванага прыроднага газу. Кампанія Klaipedos nafta, якая ім кіруе, адзначае, што яна гатовая да супрацоўніцтва з Беларуссю, калі гэтая краіна вырашыць імпартаваць і газ. Згодна са звесткамі кампаніі, яна ўжо дапамагала беларускім прадпрыемствам не толькі экспартаваць, але і імпартаваць нафтапрадукты.

6 верасня ў Берасці Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што ў Беларусі ёсць магчымасць пачаць імпарт нафты па паўночным маршруце – цераз Польшчу і Прыбалтыку, і прапануе Расеі дамаўляцца «па-чалавечы».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што зараз бакі працуюць над праграмай па развіцці інтэграцыі: «На эканоміку выйшлі. І пачынаюць таргавацца – прыродны газ, нафта і іншае». «Мы ні ў каго нічога прасіць не будзем. Надакучыла ўжо гэтыя размовы весці, надакучыла слухаць», – сказаў Лукашэнка.

«Паўночны маршрут мы прапрацоўваем. Я проста сказаў расейскім уладам. І цераз Польшчу, цераз Прыбалтыку. Напрацоўкі ёсць. Але калі мы цераз Польшчу пачнем пастаўляць нафту, то мы забяром дзве ніткі нафтаправода »Дружба«, па якім на экспарт ідзе расейская нафта. Гэта трэба расеянам? Не. Ну дык давайце дамаўляцца па-чалавечы і будзем рабіць як лепш. Вось гэта мае патрабаванні, – сказаў беларускі кіраўнік. – І не трэба гэта ўзносіць да нябёсаў і казаць, што Лукашэнка павярнуўся на Захад. Слухайце, вось як мінімум мяне асабіста на Захадзе ніхто не чакае. Я ў гэтым на 100% перакананы. Не патрэбны там Лукашэнка. Ён наогул і ў Расеі не вельмі патрэбны. Проста народы ў нас братэрскія. Таму даводзіцца лічыцца».

БелаПАН