Літва і Турцыя падпісалі пагадненне аб беспілотніках Bayraktar
Літва і Турцыя падпісалі пагадненне, якое адкрывае Літве шлях да набыцця беспілотнікаў Bayraktar. Пра гэта паведаміў намеснік міністра абароны Віліюс Сямешка.
«Пагадненне паміж Міністэрствам абароны і Агенцтвам абароннай прамысловасці Турцыі было падпісана з яго старшынёй, прафесарам Ісмаілам Дэмірам. Гэта адкрывае для нас зялёны калідор для набыцця зброі і далейшага супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці», — напісаў Сямешка ў Facebook.
31 траўня міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў, што таксама разглядаецца пытанне аб куплі ўжо знакамітых ударных беспілотнікаў для літоўскага войска. Верагодна, падпісанае 1 чэрвеня ў Анкары пагадненне носіць рамачны характар і дазволіць у будучыні пастаўляць БПЛА для патрэб Літвы.
Віліюс Сямешка таксама мае намер сустрэцца з кіраўніцтвам кампаніі «Байкар», якая вырабляе беспілотнікі, паведамляе reform.by.