Літва пачала выхад з адзінай з Беларуссю энергасістэмы БРЭЛЛ



Міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас распарадзіўся пачаць рэалізацыю праекта па аптымізацыі сеткі перадачы электраэнергіі на паўночным усходзе краіны.

Гэты інфраструктурны праект рэалізуецца ў межах падрыхтоўкі сінхроннай працы з кантынентальнымі еўрапейскімі сеткамі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі Літвы.

„У рамках праекта будуць праводзіцца работы па мадэрнізацыі сеткі, якія неабходныя для паспяховага адключэння савецкай сістэмы і падключэння да бяспечнай еўрапейскай сеткі. У той жа час гэта забяспечыць надзейную працу сеткі і лепшую якасць абслугоўвання для спажыўцоў паўночна-ўсходняга літоўскага электраэнергетычнага сектара і сэканоміць больш як паўмільёна еўра ў год з-за зніжэння эксплуатацыйных расходаў на электраабсталяванне”, — заявіў Вайчунас.

Дзве трансфарматарныя падстанцыі на 330 кВ у Вісагінаскім і Уценскім раёнах будуць рэканструяваныя з прыцягненнем фондаў ЕС. Будзе дэмантаваная самая магутная высакавольтная лінія на 750 кВ, якая злучае Ігналінскую АЭС з Беларуссю. Акрамя таго, з Ігналінскай падстанцыі ў Электрэнайскую размеркавальную станцыю будзе перанесены шунтуючы рэактар.

Плануецца, што рэканструкцыя сістэмы электраперадачы ў паўночна-ўсходняй Літве зойме чатыры гады і будзе завершаная не пазней за вясну 2021 года. Агульны кошт праекта — 23,9 млн еўра. Еўрасаюз прафінансуе 45% расходаў, або 10,8 млн еўра.

Літва лічыць адключэнне ад расейскай сістэмы IPS/UPS, якая аб’ядноўвае сістэмы Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі і Літвы (электракальцо БРЭЛЛ), прыярытэтам у развіцці энергетыкі.

Раней Вайчунас заявіў, што праект па дэмантажы ЛЭП, якія злучаюць з Беларуссю, — гэта сігнал Мінску аб нязменнасці стаўлення да БелАЭС. „Гэта абсалютна выразны сігнал Беларусі, што тыя планы, якія намі зацверджаныя, паслядоўна ажыццяўляюцца”, — сказаў чыноўнік.

belapan.by

Фота rubaltic.ru