Літва падрыхтуе план поўнай блакады электраэнергіі з БелАЭС



У канцы студзеня — пачатку лютага з’явіцца ўзгоднены літоўскімі ведамствамі план дзеянняў па абсалютнай блакіроўцы паступлення электрычнасці ад Беларускай АЭС, паведаміў у інтэрв’ю балтыйскаму інфармагенцтву BNS міністр энергетыкі Дайнюс Крэйвіс.

Паводле яго слоў, праблема БелАЭС з’яўляецца прыярытэтнай, паколькі прыняты ў Літве „антыастравецкі закон парушаецца”.

„Дзяржаўны савет па рэгуляванні энергетыкі Літвы даў зразумець, што электрычнасць, якая сёння паступае ў Літву, ідзе з Беларусі — таргуецца на Рыжскай фондавай біржы. Апошнія два тыдні мы працуем з тэхнічнымі дадзенымі — па электразабеспячэнні і фізічных патоках [электраэнергіі]. Мы прааналізавалі сітуацыю не толькі ў Літве, але і ў Беларусі, розныя аперацыі беларускіх электрастанцый, моманты іх адключэння, патокі ў Літву, Беларусь, краіны Балтыі. Магу сказаць, што гэтыя звесткі паказваюць, што электраэнергія з БелАЭС паступае ў Літву, прадаецца, і мы яе спажываем”, — заявіў чыноўнік.

„Факт застаецца фактам: латвійцы гандлююць беларускай электраэнергіяй”, — падкрэсліў Крэйвіс.

Паколькі 1 студзеня гэтага года да Літвы перайшло старшынства ў Савеце міністраў краін Балтыі, кіраўнік літоўскага Мінэнерга спадзяецца, што пытанне блакавання паступлення электрычнасці, што вырабляецца на БелАЭС, будзе адным з найбольш важных у яго парадку дня.

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 21 снежня Мінэнерга Беларусі паведаміла аб заканчэнні этапу энергетычнага пуску блока і пераходзе да этапу яго доследна-прамысловай эксплуатацыі, у канцы якога блок выведуць на 100% магутнасці.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС з’яўляецца Літва. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

У пачатку лістапада Літва на падставе „антыастравецкага” закона заблакавала магчымасць камерцыйных паставак беларускай электрычнасці ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС. Гэта адзіная краіна Еўрасаюза, праз тэрыторыю якой беларуская электрычнасць магла наўпрост паступаць на электраэнергетычны рынак ЕС. Разам з тым у Літве асцерагаліся, што беларуская электрычнасць стане паступаць на рынак краін Балтыі і ЕС з Расіі праз Латвію.

Латвія, салідарызаваўшыся з Літвой, афіцыйна адмовілася ад куплі электраэнергіі з Беларусі. У прыватнасці, у краіне быў зацверджаны механізм, які абавязвае Расію, у якой ёсць электраэнергетычныя сувязі з Беларуссю, даказваць небеларускае паходжанне экспартаванай з РФ у Латвію электрычнасці.

belapan.by

Фота: © DELFI / Domantas Pipas