Літва палегчыць пераезд супрацоўнікаў кампаній з трэціх краін



Урад Літвы 21 красавіка ўхваліў пакет заканадаўчых паправак, якія палягчаюць пераезд членаў сем’яў і супрацоўнікаў кампаній, што рэлакуюцца ў краіну цалкам або часткова. Папраўкі ініцыяваныя Міністэрствам эканомікі і інавацый, паведамляецца на сайце літоўскага ўрада.

„Каб павысіць нашу канкурэнтаздольнасць, прыцягнуць яшчэ больш замежных інвестыцый і талентаў, мы павінны прапанаваць ім прывабныя ўмовы, — заявіла міністр эканомікі і інавацый Аўшрыне Арманайце. — Сярод іх — зручны пераезд супрацоўнікаў і членаў іх сем’яў у Літву. Я спадзяюся, што нашы суседзі беларусы таксама скарыстаюцца гэтай магчымасцю, каб бяспечна працягнуць сваю дзейнасць у Літве. Цяпер больш за 100 беларускіх кампаній зацікаўленыя ў інвеставанні і пераездзе ў Літву”.

Папраўкі да законаў аб інвестыцыях, працаўладкаванні і прававым статусе іншаземцаў дазволяць падаваць заяву на атрыманне віду на жыхарства не толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, але і звычайным супрацоўнікам кампаній, што рэлакуюцца. Як адзначаецца, служба занятасці „не будзе ацэньваць кваліфікацыю або вопыт працы такіх супрацоўнікаў, пытанне аб іх прафпрыдатнасці будзе вырашаць сам інвестар”.

Акрамя таго, не будзе ацэньвацца і тое, ці адпавядаюць члены сям’і супрацоўнікаў, якія пераязджаюць, патрэбам рынку працы.

Змены датычаць кампаній з трэціх краін, якія ўзялі на сябе абавязацельства інвеставаць у Літву 1,45 млн еўра і больш і стварыць не менш за 20 працоўных месцаў.

Сейм Літвы разгледзіць прапанаваныя папраўкі на вясновай сесіі. У выпадку прыняцця яны набудуць моц 1 чэрвеня гэтага года.

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага ўрада, „са жніўня мінулага года, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць аўтарытарнага рэжыму, шматлікія кампаніі, заснаваныя ў гэтай краіне ці яе грамадзянамі, пераехалі ў Літву”, у тым ліку Epam Systems, Wargaming, Coherent Solutions, Godel Technologies і іншыя.

Паводле дадзеных агенцтва па развіцці замежных інвестыцый Invest in Lithuania, амаль 80 беларускіх кампаній ужо распачалі рэлакацыю або актыўна разглядаюць магчымасць пераносу сваёй дзейнасці ў Літву.

БелаПАН