Літва поўнасцю адмовілася ад расейскага газу
Літва поўнасцю адмовілася ад расейскага газу, паведамляе літоўскае Міністэрства энергетыкі. З пачатку красавіка літоўская газатранспартная сістэма працуе без імпарту расейскага газу.
Гэта пацвярджаюць дадзеныя аператара газатранспартнай сістэмы Літвы Amber Grid, якія паказваюць, што на 2 красавіка імпарт расейскага газу для патрэб Літвы па літоўска-беларускім злучэнні склаў 0 МВтч.
Мера прынята ў імкненні да поўнай энергетычнай незалежнасці ад расейскага газу і „ў адказ на энергетычны шантаж Расеі ў Еўропе і вайну ва Украіне”.
Усе патрэбы Літвы ў газе задавальняюцца праз Клайпедскі тэрмінал ЗПГ. У графіках аператара тэрмінала „Klaipėdos naftos” указана, штомесяц на тэрмінал будзе паступаць тры вялікія грузы звадкаванага прыроднага газу, якога павінна хапіць усім кліентам. На бліжэйшы перыяд кліенты размясцілі замовы на транспарціроўку газу толькі з тэрмінала. Пры неабходнасці газ можна будзе пастаўляць у Літву і праз газавае злучэнне з Латвіяй, а з 1 траўня – з Польшчай.
„Мы першая краіна ЕС сярод краін – пастаўшчыкоў „Газпрома”, якая дабілася незалежнасці ад паставак расейскага газу, і гэта вынік шматгадовай паслядоўнай энергетычнай палітыкі і своечасовых інфраструктурных рашэнняў”, – заявіў міністр энергетыкі Дайнюс Крэйвіс.
„У гэтых умовах патрабаванне Расеі плаціць за газ у рублях губляе сэнс, бо Літва больш не заказвае расейскі газ і не плануе за яго плаціць”, — зазначаюць у ведамстве.
У адказ „Газпром” паведаміў Amber Grid, што больш не мае намеру імпартаваць газ з Расеі праз літоўска-беларускае злучэнне.
Газ транзітам праз Літву працягвае транспартавацца для патрэб Калінінграда, але ў іншым тэхнічным рэжыме, забяспечваючы толькі перадачу неабходнай для транзіту колькасці газу.