Літва прыняла першы кантэйнерны цягнік з Украіны ў абыход Беларусі



У Літву прыбыў першы кантэйнерны цягнік з Украіны. Ён накіроўваўся ў абыход Беларусі. У складзе 50 кантэйнераў. Састаў прыбыў на тэрмінал у Коўне, паведаміў Мінтранс Літвы.

Цягнік быў арганізаваны LTG Cargo і яе даччынай структурай LTG Cargo Polska. Раней цягнік прайшоў з Літвы ва Украіну праз Польшчу. Назад ён даставіў каля 1000 т розных грузаў.

Падчас пілотнага праекту адпрацоўваліся тэхналагічныя аспекты маршруту, правяраліся тэрміны дастаўкі, выяўляліся праблемы з лагістыкай.

Мінтранс адзначае, што цягнік рухаецца толькі па еўрапейскай каляіне, якая пракладзеная ад тэрмінала ў Коўне праз Польшчу да мяжы з Украінай. Такім чынам, груз з Украіны дастаўляецца толькі з адной перагрузкай, а не з дзвюма. Нагадаем, у Беларусі, Літве і Украіне выкарыстоўваецца каляіна 1520 мм, а ў Польшчы – 1435 мм, паведамляе reform.by.