Літва разлічвае, што Украіна не будзе купляць электраэнергію з БелАЭС
Атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Беларусі, стала адной з тэм тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Літвы Гітанаса Наўседы і Украіны Уладзіміра Зяленскага.
«Гітанас Наўседа падкрэсліў прынцыповую пазіцыю Літвы па пытанні бяспекі Беларускай АЭС і рашэнне Літвы не купляць небяспечна вырабленую электраэнергію ў трэціх краін. Прэзідэнт звярнуўся да Украіны з просьбай перагледзець пытанне аб адмове ад закупкі электраэнергіі з беларускай АЭС», – паведаміла прэс-служба літоўскага лідара. У прэс-рэлізе Офіса прэзідэнта Украіны аб гэтым нічога не сказана.
З кантэксту просьбы Наўседы вынікае, што Літва просіць Украіну адмовіцца ад куплі атамнай энергіі з Беларусі. У канцы лістапада мінулага года міністр энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны Аляксей Оржэль не выключыў, што яго краіна будзе купляць гэтую энергію. Аднак у апошні час Кіеў узяў курс на забеспячэнне патрэб у электраэнергіі за кошт уласных рэсурсаў, у тым ліку вугальнай прамысловасці, якая знаходзіцца ў крызісе.
Паводле дадзеных Нацыянальнай энергетычнай кампаніі «Укрэнерга», у сакавіку Украіна імпартавала 7,713 млн кілават-гадзін беларускай электраэнергіі. Гэта найменшы месячны аб’ём паставак з сярэдзіны 2019 года, калі ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы ДВА «Белэнерга», атрымалі магчымасць прадаваць яго ўкраінскім кампаніям-трэйдарам. У лютым Украіна набыла 48,882 млн кВт•гадз электраэнергіі з Беларусі, у студзені – 93,013 млн.
Акрамя таго, 8 красавіка Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг, прыняла пастанову «аб дзеяннях удзельнікаў рынку электрычнай энергіі ў перыяд дзеяння каранціну і абмежавальных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем каронавіруснай хваробы». Гэтай пастановай прыпыненая купля на сутачных і месячных аўкцыёнах электраэнергіі з Беларусі і іншых краін, якія не ўваходзяць у энергетычную супольнасць (арганізацыі Еўразвязу і шэрагу краін-суседзяў, якія імкнуцца да стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку). На думку камісіі, ва ўмовах некантраляванага распаўсюджвання COVID-19 у дзяржавах па-за Энергетычнай супольнасцю ўзнікае «рызыка фізічнай магчымасці невыканання дамоўных абавязацельстваў», паколькі можа знізіцца колькасць персаналу, неабходная для вытворчасці і перадачы электраэнергіі. Такім чынам, ствараецца пагроза бяспекі паставак электрычнасці, што можа прывесці да вельмі негатыўных наступстваў.
Забарона на імпарт электраэнергіі будзе дзейнічаць як мінімум да канца мая.
23 красавіка Гітанас Наўседа, які прыняў рашэнне правесці двухбаковыя перамовы з лідарамі краін Усходняга партнёрства напярэдадні саміту УП 18 чэрвеня ў Бруселі, патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Наўседа заявіў, што Літва не згодная з выбарам месца для будаўніцтва Беларускай АЭС – паблізу літоўскай мяжы, а пытанне яе бяспекі выклікае сурʼёзную заклапочанасць. Як паведаміла прэс-служба літоўскага прэзідэнта, бакі абмеркавалі магчымасць ацэнкі экспертамі Еўразвязу выканання патрабаванняў ЕЗ па правядзенні стрэс-тэстаў перад запускам АЭС.