Літва ўводзіць новыя абмежаванні на транзіт тавараў праз Беларусь і Расею



Пры транзіце грузаў праз тэрыторыю Расеі або Беларусі з 3 ліпеня трэба будзе прадаставіць “дэкларацыю вытворцы”. Гэты дакумент будзе пацвярджаць, што вытворца ведае, хто з’яўляецца канчатковым пакупніком, паведамляе прэс-служба літоўскай мытні.

Як піша Office Life, гэтае патрабаванне распаўсюджваецца на 57 відаў тавараў, якія могуць, на думку літоўскага боку, выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах. І дэкларацыя ў гэтым выпадку павінна пацвердзіць, што гэтыя тавары ідуць менавіта ў трэцюю краіну транзітам.

Фактычна ў гэтым выпадку вытворца бярэ на сябе пэўную адказнасць, але як гэта будзе працаваць на практыцы – сказаць складана. Зразумела, што літоўская мытня такім чынам змагаецца з паралельным імпартам санкцыйных тавараў. З 5 чэрвеня Літва ўжо ўзмацніла кантроль за такімі таварамі, а таксама таварамі з “дзіўнай лагістыкай”, якая не маю абгрунтавання.

Нацбанк шосты раз сёлета зніжае стаўку рэфінансавання

Нацбанк Беларусі з 28 чэрвеня зніжае стаўку рэфінансавання з 9,75% да 9,5% гадавых, паведамляе прэс-служба фінансавага рэгулятара. Ад пачатку года гэта ўжо шостае зніжэнне стаўкі рэфінансавання.

Паведамляецца, што тэндэнцыя запаволення інфляцыйных працэсаў захоўваецца. У маі спажывецкія цэны знізіліся адносна красавіка гэтага года на 0,3%. Чакаецца, што паказчык гадавога прыросту спажывецкіх цэн не перавысіць узровень 5%.

Стаўка рэфінансавання ўплывае на стаўкі па крэдытах. Некаторыя з іх, напрыклад, крэдыты на куплю жылля, прывязаныя менавіта да яе. У бягучым годзе гэта ўжо шостае зніжэнне стаўкі рэфінансавання.

Польшча плануе рэкордна павысіць мінімальны заробак, але эканамісты занепакоеныя

У наступным годзе ўлады Польшчы абяцаюць павялічыць “мінімалку” амаль на чвэрць, а таксама пашырыць фінансаванне праграмы дзіцячых дапамог. Такія абяцанні звязаныя з тым, што восенню пройдуць парламенцкія выбары, і кіроўная партыя “Права і Справядлівасць” хоча захаваць уладу ў сваіх руках. Але эксперты непакояцца, што такія эканамічныя крокі яшчэ больш разгоняць і так даволі высокую інфляцыю ў краіне.

У лічбах. Улады абяцаюць, што ў наступным годзе мінімальны месячны заробак складзе 4300 злотых (гэта амаль 1060 даляраў), цяпер ён складае 3490 злотых (гэта прыкладна 860 даляраў). Павышэнне мае быць прайсці ў два этапы: у студзені і ліпені, і можа закрануць каля трох мільёнаў чалавек.

Але эксперты кажуць, што хоць інфляцыя ў краіне зніжаецца, але надалей складае 13% у гадавым вымярэнні. А двухзначны рост заробкаў па краіне прывядзе да захавання высокай інфляцыі, а нават да яе росту.

Названыя самыя дарагія гарады свету для раскошнага жыцця

У свежым рэйтынгу самых дарагіх гарадоў свету на першым месцы аказаўся Сінгапур. Ён пацясніў Шанхай, які лідзіраваў у 2022 годзе, паведамляе Bloomberg. Цяпер Шанхай на другім месцы, а на трэцім – Ганконг.

Выданне адзначае, што ў Сінгапуры – высокі ўзровень жыцця і расце попыт на нерухомасць, таксама там дарагое медыцынскае страхаванне і высокія падаткі. Далей месцы ў топ-10 рэйтынгу размеркаваліся так: Лондан, Нью-Ёрк, Манака, Дубай, Тайбэй, Сан-Паўлу і Маямі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар.