Літва ўвяла дадатковыя абмежаванні на закупку электраэнергіі з БелАЭС



Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў прапанаваныя ім і прынятыя парламентам змены ў законах, якія прадугледжваюць дадатковыя меры па прадухіленні трапляння ў Літву электраэнергіі з Беларускай АЭС, паведамляе канцылярыя кіраўніка літоўскай дзяржавы.

У паведамленні  са спасылкай на словы Наўседы адзначаецца, што папраўкі дадуць дзяржаўным ведамствам дадатковыя рычагі для абароны ад продажу ў Літве электраэнергіі, выпрацаванай на небяспечных АЭС.

„Мы разам з адказнымі ведамствамі будзем назіраць за сітуацыяй на рынку электраэнергіі і будзем гатовыя ўнесці дадатковыя прапановы, калі такія спатрэбяцца, для абароны інтарэсаў літоўскай дзяржавы і жыхароў Літвы”, — цытуе прэс-служба Наўседу.

Прэзідэнт Літвы таксама паабяцаў, што будзе дабівацца паскарэння сінхранізацыі энергасетак з сеткамі Заходняй Еўропы, а пытанне аб адмове ад куплі электрычнасці з БелАЭС ён будзе пастаянна ўздымаць на двухбаковых і шматбаковых сустрэчах з лідарамі дзяржаў — членаў Еўрасаюза і краін-партнёраў.

Як адзначае канцылярыя прэзідэнта Літвы, на саміце Еўрасаюза 12—13 снежня ў Бруселі было замацаванае патрабаванне аб тым, каб усе развіваныя трэцімі краінамі па суседстве з ЕС праекты адпавядалі міжнародным стандартам аховы навакольнага асяроддзя і бяспекі.

У адпаведнасці са зменамі ў чатырох законах, пасля ўводу БелАЭС у эксплуатацыю прадпрыемствы не атрымаюць дазволу на імпарт электраэнергіі з яе, удакладняе інтэрнэт-рэсурс Delfi. Акрамя таго, калі ўрадавая камісія па праверцы здзелак стратэгічных прадпрыемстваў усталюе, што імпарцёр уяўляе пагрозы для бяспекі краіны, будзе спыненае дзеянне яго ліцэнзіі. Папраўкі набудуць моц са студзеня 2020 года.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС з’яўляецца Літва. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. 15 чэрвеня 2017 года літоўскі сейм прыняў закон аб прызнанні таго, што БелАЭС уяўляе пагрозу літоўскай нацыянальнай бяспецы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Літва таксама заклікала суседзяў з ЕС (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Дастаўка ядзернага паліва плануецца ў першым квартале 2020 года. У Мінэнерга не выключаюць, што ў гэты ж перыяд адбудзецца і фізічны пуск першага энергаблока АЭС. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

belapan.by

Фота: BBC