Літва заклікала дамагацца ад Беларусі выканання стандартаў бяспекі БелАЭС



На 65-й сесіі генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, якая праходзіць 20—24 верасня ў Вене (Аўстрыя), міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс заклікаў міжнародную супольнасць дамагацца ад Беларусі выканання стандартаў бяспекі атамнай электрастанцыі, што будуецца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць).

„Мы з’яўляемся сведкамі неапраўданай спешкі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС у Астраўцы без поўнай рэалізацыі рэкамендацый па стрэс-тэстах, — заявіў літоўскі чыноўнік. — Варта падкрэсліць, што ўрад Беларусі не выканаў артыкул 17 Канвенцыі аб ядзернай бяспецы ў адносінах да ацэнкі ўсiх спадарожных фактараў, звязаных з пляцоўкай, і каардынацыі з суседнімі краінамі. Літва па-ранейшаму прытрымліваецца пазіцыі, што Беларуская АЭС пабудаваная з парушэннем міжнародных стандартаў ядзернай бяспекі і не павінна эксплуатавацца”.

„Мы заклікаем міжнародную супольнасць праявіць рашучасць і дамагацца захавання міжнародных стандартаў у галіне навакольнага асяроддзя, ядзернай бяспекі і радыяцыйнай абароны — у дачыненні да гэтага і іншых падобных праектаў па ўсім свеце”, — сказаў кіраўнік Мінэнерга Літвы.

Крэйвіс адзначыў, што ўсе дзяржавы — члены агенцтва „абавязаліся падтрымліваць і ўмацоўваць эфектыўную і ўсеабдымную ядзерную бяспеку ўсіх ядзерных і іншых радыеактыўных матэрыялаў і ўстановак”. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, Літва „вельмі занепакоеная публічнымі заявамі, зробленымі нядаўна беларускім рэжымам, пра магчымае спыненне супрацоўніцтва ў барацьбе з трансгранічнай ядзернай кантрабандай”.

Літва, якая раней была найбуйнейшым пакупніком электраэнергіі з Беларусі, у пачатку лістапада 2020 года на падставе „антыастравецкага” закона заблакавала магчымасць прамых камерцыйных паставак беларускай электрычнасці. У Вільнюсе перакананыя, што БелАЭС небяспечная, а сам праект з’яўляецца „геапалітычнай зброяй”. Беларусь усе прэтэнзіі адхіляе.

12 ліпеня аўтаматычная ахова генератара адключыла ад сеткі першы блок БелАЭС. 23 ліпеня прэс-служба Мінэнэрга паведаміла, што беларускія і расійскія спецыялісты праводзяць рэвізію і дыягностыку абсталявання турбагенератара першага блока. Было заяўлена, што ўключэнне блока ў сетку „з улікам неабходнасці прагрэву абсталявання і наступнага набору магутнасці рэактарнай устаноўкі” плануецца прыблізна ў сярэдзіне жніўня.

У названы тэрмін блок у працу не ўвялі. 19 жніўня ў Мінэнерга праінфармавалі, што рэвізія абсталявання і тэхналагічных сістэм завершаная. Выпрабаванні выявілі неабходнасць замены аднаго з элементаў узбуджальніка турбагенератара. „Праводзяцца адпаведныя работы з прыцягненнем спецыялістаў расійскага завода-вытворцы. Пасля іх завяршэння на блоку будуць арганізаваныя дадатковыя выпрабаванні і дыягностыка абсталявання і сістэм турбагенератара, пасля чаго блок уключаць у сетку”, — паведаміла міністэрства.

Блок не працуе дагэтуль.

БелаПАН