Літва зацвердзіла план блакавання электраэнергіі з Беларускай АЭС
Дамова з латышамі, эстонцамі і палякамі, увядзенне дадатковай платы за перадачу, пракладка дадатковых ліній, дэмантаж некаторага абсталявання.
Гэтыя і іншыя меры былі прадугледжаны 13 верасня ў зацверджанай урадам пастанове „Аб неабходных мерах, прызначаных для абароны ад небяспечнай атамнай электрастанцыі, якую будуюць у Беларусі і якая ўяўляе пагрозу нацбяспецы, атачэнню і грамадству Літвы”, паведамляе delfi.lt.
У плане ёсць некалькі асноўных мер: па-першае, зрабіць так, каб пасля запуску Астравецкай АЭС, у Літву не магла трапіць беларуская электраэнергія, за выключэннем той, якая неабходная для забеспячэння надзейнасці сістэмы энергетыкі краіны. Прадугледзець, каб магутнасці Круоніскай гідраэлектрастанцыі не выкарыстоўваліся для патрэбаў акумуляцыі Астравецкай электраэнергіі. A да 2025 г. сінхранізаваць сістэму электраэнергіі Літвы і сеткі кантынентальнай Еўропы.
З гэтага года не павінна застацца ніякай магчымасці, каб трапіць у сетку электраэнергіі з трэціх краін або каб яна магла праходзіць у такім аб’ёме, які можа быць неабходным, калі высветляцца непазбежныя тэхнічныя прычыны для дэсінхранізацыі ад сістэмы краін СНД.
У наступным годзе павінна быць дасягнута пагадненне з Эстоніяй і Латвіяй аб прымяненнi падатку на перадачу электраэнергіі трэціх краін. Акрамя таго, дамовіцца з Эстоніяй, Латвіяй і Польшчай аб ужыванні адзіных прынцыпаў, звязаных з трапленнем электраэнергіі з трэціх краін на рынак з моманту запуску Астравецкай АЭС. Таксама павінны ацаніць адэкватную магутнасць для бяспекі Літвы і прыняць рашэнне ў сувязі з забеспячэннем новых магутнасцяў генеравання электраэнергіі.