Лукашэнка абмяркоўваў з эканамістамі, што рабіць з гаспадаркай



На нараду па актуальных пытаннях развіцця эканомікі запрошана „невялікая група экспертаў”, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пытанні фарміравання кірункаў развіцця эканомікі і кіравання эканомікай у Беларусі ўжо выпрабавалі розныя метады і падыходы. „І на справе паспрабаваўшы, ведаем, да якіх наступстваў могуць прывесці тыя ці іншыя дзеянні. Але ёсць добрая ад жыцця прымаўка, што ісціна дзесьці пасярэдзіне. Ёсць кансерватыўны шлях развіцця эканомікі. З іншага боку — ліберальны. У розныя перыяды мы сапраўды карысталіся рознымі метадамі і інструментамі развіцця эканомікі. Але, зыходзячы з таго, што ісціна пасярэдзіне, думаю, мы сёння зможам дамовіцца і знайсці нейкія кампрамісы”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба.

„Нашу эканоміку варта прарэвізаваць з пункту гледжання чалавечага фактару, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Аднак важна, каб захады, якія робяцца, не стваралі перадумоў для дэстабілізацыі ў будучыні. Развіццё павінна быць абсалютна збалансаваным — без валютных узрушэнняў, плацежных крызісаў і іншых негатыўных з’яў, якія мы ўжо перажывалі”.

Лукашэнка падкрэсліў: „Калі нехта разлічвае на маштабную эмісію, то маё патрабаванне абсалютна вядомае і зыходзіць з сутнасці эканамічнага развіцця апошніх гадоў: пустых грошай друкаваць не будзем. Неабходна вырашаць усе пытанні ўласнымі сіламі за кошт правільнага эканамічнага рэгулявання і паляпшэння дзелавога клімату”.

Паводле слоў Лукашэнкі, цяперашняя нарада ў вузкім коле не падмяняе размовы на пашыраным пасяджэнні ўрада, якое павінна адбыцца ў найбліжэйшы час. „Там мы паглядзім, як выконваецца план, які ўрад прапанаваў краіне і які зацверджаны прэзідэнтам. Паглядзім, як гэты план выкананы за першы год пяцігодкі і якія задзелы створаны на будучыню. Сёння мы павінны абмеркаваць нестандартныя меры і дзеянні, якія можам зрабіць, каб палепшыць сітуацыю і паскорыць развіццё нашай эканомікі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by