Лукашэнка абурыўся на крытыку беларускай АЭС
Аляксандр Лукашэнка абурыўся з нагоды прэтэнзій міжнародных экалагічных арганізацый датычна будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. „Маўляў, „не ўзгаднілі канчаткова”, „небяспечную АЭС будуеце”. Хопіць! Узгаднілі! Бяспечная!”, – заявіў Лукашэнка.
Актывіст антыядзернай кампаніі з Астраўца Мікалай Уласевіч лічыць, што кіраўнік дзяржавы проста адмахнуўся ад гэтых прэтэнзій:
– Я лічу што ён проста неяк захацеў адмахнуцца ад тых апанентаў, якія на яго насядаюць – унутраных і знешніх. Проста ён не хоча слухаць, і на мой погляд, гэтым можна патлумачыць ягонае вось такое выказванне.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству замежных спраў, Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама іншым зацікаўленым ведамствам „арганізаваць сваю працу так, каб гэтыя надуманыя прэтэнзіі былі знятыя”.
Лукашэнка заклікаў разам з будаўніцтвам АЭС надаваць належную ўвагу і праектам па выкарыстанні альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энергіі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота realt.onliner.by