Лукашэнка абвясціў пра запуск БелАЭС 7 лістапада
На сустрэчы з палітычным актывам 16 верасня Аляксандр Лукашэнка аб’явіў пра запуск Беларускай АЭС 7 лістапада.
„Рыхтуецца да запуску наша першая атамная станцыя. Запрашаю ўсіх, думаю, 7 лістапада, у знакавы для нас дзень, мы зможам там пабываць і ўсвядоміць, што мы атрымалі першую электрычнасць з нашай атамнай станцыі”, — заявіў Лукашэнка.
Фрагменты яго выступу публікуе тэлеграм-канал „Пул Першага”.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200.
У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.
Паведамлялася, што энергетычны пуск першага энергаблока БелАЭС з уключэннем яго ў энергасістэму краіны запланаваны на чацвёрты квартал 2020 года. У пачатку верасня намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў журналістам, што першыя кілават-гадзіны на БелАЭС плануецца вырабіць і выдаць у сетку да лістапада.
Другі энергаблок станцыі намечана запусціць у 2021 годзе. Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя штогод будзе выпрацоўваць больш як 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.