Лукашэнка адтэрмінаваў „Гомсельмашу” вяртанне бюджэтных пазык



Холдынгу „Гомсельмаш” прадастаўлена значная адтэрміноўка па вяртанні бюджэтных пазык і налічаных па іх адсоткаў. Такая мера прадугледжана ўказам № 372 ад 10 кастрычніка 2017 года „Аб дзейнасці холдынгу” Гомсельмаш „, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Дакументам унесеныя змены ва ўказ № 281 ад 29 чэрвеня 2015 года „Аб стабілізацыі фінансавага стану арганізацый „Гомсельмаша”. Першапачатковым указам прадпрыемства холдынгу атрымалі бюджэтныя пазыкі на агульную суму 425,8 млн доларащ з той умовай, што яны будуць вернутыя ў 2019—2022 гадах. Унесеныя папраўкі працягнулі тэрмін вяртання да 2029 года.

Прадпрыемствам „Гомсельмаша” да 31 снежня 2020 года адтэрмінавалі пагашэнне „налічаных і не выплачаных да гэтай даты працэнтаў за карыстанне бюджэтнымі пазыкамі”, а таксама далі растэрміноўку на іх пагашэнне з 1 студзеня 2021 года па 31 снежня 2029 года.

Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка дазволіў удзельнікам холдынгу „спісваць на даходы (выдаткі) па фінансавай дзейнасці і пазарэалізацыйныя даходы (выдаткі), што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні”, сумы розніц, якія ўтвараюцца „пры пераліку выражанага ў замежнай валюце кошту актываў і абавязацельстваў у афіцыйную грашовую адзінку” Беларусі. Такім правам прадпрыемства „Гомсельмаша” змогуць карыстацца да 31 снежня 2025 года.

Дэпутатам мясцовых саветаў Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Лідскага, Петрыкаўскага, Светлагорскага раёнаў, а таксама Гомельскай і Гарадзенскай абласцей, горада Гомеля забаронена павялічваць для прадпрыемстваў „Гомсельмаша” стаўкі падатку на зямлю і нерухомасць у 2018—2022 гадах.

Міністэрству прамысловасці даручана да 1 студзеня 2018 года выдзеліць са структуры „Гомсельмаша” сельскагаспадарчы комплекс „Юбілейны” і забяспечыць „бязвыплатную перадачу акцый створанага таварыства ў камунальную ўласнасць”.  БелаПАН