Лукашэнка: Аўтамабілі чыноўнікаў будуць замяняцца на Geely
Імпартныя аўтамабілі ў дзяржаўных органах Беларусі будуць паступова замяняцца на выраблены ў краіне аўтамабіль Geely. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пад Барысавам новага завода „Белджы” і запуску серыйнай вытворчасці.
„Я ўжо забараніў па вертыкалі ўсім дзяржслужачым купляць імпартныя аўтамабілі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў закупілі гэтых аўтамабіляў, і цяпер паступова будзе ісці замена — ад урада да старшыні райвыканкама, — расказаў Лукашэнка. — У нас гэта ўжо адбываецца, і мы гэта зробім”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і самі работнікі завода павінны перасаджвацца на вырабленую імі машыну.
Лукашэнка заявіў, што запуск у краіне вытворчасці легкавых аўтамабіляў быў яго марай. „Нашы сябры адгукнуліся на маю просьбу і дапамаглі стварыць гэты выдатны завод. Больш за тое, яшчэ і пракрэдытавалі. Таму перш за ўсё я хачу сёння сказаць, што мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыццявілася”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што за гэта неабходна падзякаваць кіраўніцтву Кітайскай Народнай Рэспублікі, у прыватнасці старшыні КНР Сі Цзіньпіну. „Зусім хутка ў мяне будзе такая магчымасць і я асабіста змагу яму падзякаваць за тое, што ён, адгукнуўшыся на маю просьбу, дапамог нам стварыць гэту вытворчасць”, — сказаў Лукашэнка.
Пасля заканчэння ўрачыстых мерапрыемстваў кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі Лукашэнку электрамабіль Geely, які пакуль не вырабляецца ў Беларусі.
Ён запэўніў, што абавязкова пратэстуе машыну, тым больш яму ёсць з чым параўнаць яе: раней ужо былі апрабаваныя магчымасці электракара Tesla.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што яшчэ лепшым падарункам для яго стане арганізацыя выпуску ў Беларусі надзейных электрамабіляў.