Лукашэнка чакае ў Менску заходнія авіякампаніі



Падчас візіту ў Нацыянальны аэрапорт Мінск Аляксандр Лукашэнка паразважаў пра магчымасць палётаў з Беларусі ў Еўропу.

“Хоць заўтра [мы гатовыя прыняць заходнія авіякампаніі]. Мы людзі не агрэсіўныя. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы ні з кім не збіраемся ваяваць. Я вам кажу гэта пастаянна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб перспектывах вяртання заходніх авіякампаній у Беларусь, цытуе БелТА. На фоне гэтага паказальна выглядае графік маршрутаў з менскага аэрапорта, дзе большасць кірункаў — расейскія гарады, заўважае “Наша Ніва”. Авіяцыйныя маршруты ў Еўропу з Беларусі закрыліся пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта з блогерам Раманам Пратасевічам на борце ў маі 2021 года.

Рынак таксі Беларусі чакаюць значныя змены

У пачатку чэрвеня можна было ўбачыць праект указа аб аўтамабільных перавозках пасажыраў, які адразу ж выклікаў нямала пытанняў і спрэчак сярод перавозчыкаў і вадзіцеляў, піша Myfin.by.

Калі коратка, указ прадугледжвае стварэнне рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. У яго будзе ўключана інфармацыя аб перавозчыках, транспартных сродках, кіроўцах, дыспетчарах перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, дыспетчарах таксі. Дзейнасць без уключэння ў рэестр будзе забароненая. Для нядобрасумленных перавозчыкаў і дыспетчараў прадугледжваюцца механізмы прыпынення іх дзейнасці і выключэння з рэестра. Унясенне ў рэестр будзе платным. Перавозчыкі павінны будуць усталяваць сістэмы відэафіксацыі працэсу перавозак пасажыраў.

Часцей за ўсё апытаныя таксісты распавядалі, што гэта не зменіць рынку ў лепшы бок, а, наадварот, адбудзецца рост цэн на паслугі таксі, вяртанне да шэрага рынку, людзі будуць браць машыны “ад борта”, як было калісьці.

У якіх беларускіх рэгіёнах найбольш банкрутаў?

Па выніках сямі месяцаў бягучага года ў вытворчасці эканамічных судоў знаходзіліся 784 справы аб банкруцтве. “Лідарамі” па колькасці прадпрыемстваў-банкрутаў з’яўляюцца Менск і Менская вобласць. На гэтыя два рэгіёны прыпадае амаль палова такіх спраў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Шмат банкруцтваў назіраецца таксама ў Гомельскай (106) і Віцебскай (102) абласцях. Значна менш такіх спраў сёлета было зафіксавана ў Гарадзенскай вобласці (78), а таксама ў Берасцейскай (60) і Магілёўскай (57).  Пры гэтым сярод прадпрыемстваў-банкрутаў ільвіную долю складаюць прыватныя.

Дзяржаўнае агенцтва выкупіць даўгі Лідскай абутковай фабрыкі

У адпаведнасці з пастановай урада Беларусі, Агенцтву па кіраванні актывамі прадпісана набыць даўгі адкрытага акцыянернага таварыства “Лідская абутковая фабрыка”.

Згодна з дакументам, выкупу будуць падлягаць актывы прадпрыемства, якія былі сфарміраваны па шасці крэдытах Белінвестбанка і аднаму крэдыту Банка ВТБ (Беларусь), выдадзеных у 2012-2015 гадах.  Згаданыя крэдыты павінны былі быць пагашаны Лідскай абутковай фабрыкай яшчэ ў 2015-2018 гадах. Агульная сума запазычанасці па іх на бягучы момант складае больш за 2,4 млн. беларускіх рублёў, аднак агенцтву прадастаўлены істотны дысконт, дзякуючы чаму яно атрымае даўгі прадпрыемства ўсяго за 688 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.