Лукашэнка даручыў шукаць новыя рынкі збыту
Ва ўмовах праблем з пастаўкамі беларускіх прадуктаў у Расею кіраўнік краіны даручыў ураду шукаць новыя рынкі збыту. „Калі Расея нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж — сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца”, — заявіў Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён Менскай вобласці.
„Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы, таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець”, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.
„Яны завезлі, нехта адкаты атрымаў за гэта сухое малако з Новай Зеландыі. Па-першае, што прывезлі, чым народ кормяць? Але гэта — іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець не хочуць, таму што паўсюль адкаты”, — зазначыў Лукашэнка.
„А мы павінны бачыць свае інтарэсы, якія не супярэчаць інтарэсам расейцаў, — дадаў ён. — Мы ім дрэннага нічога не вязем. Дай бог, як самі правяраючыя кажуць, каб у Расеі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім”.
Як паведамляе БелТА, прэзідэнту даклалі, што балансы па пастаўцы малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею пакуль не падпісаныя — бакі працягваюць перамовы. Прагучала меркаванне, што дзеянні расейскага боку па забароне паставак з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў звязаныя з пастаўкамі ў Расею вялікіх аб’ёмаў сухога малака з іншых краін, у прыватнасці — з Новай Зеландыі.
Праблемы з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак паўсталі ў канцы лютага — Рассельгаснагляд сцвярджае, што яна небяспечная. 19–23 сакавіка прадстаўнікі расейскага ведамства праінспектавалі беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Па выніках праверкі Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў датычнасці да ашуканскіх схем.
Мяркуецца, што бліжэйшыя беларуска-расейскія перамовы на вышэйшым узроўні пройдуць у межах пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы. Дата пасяджэння пакуль не называецца, але вядома, што яго плануецца правесці ў Менску.
БелаПАН