Лукашэнка даручыў у 2017 годзе давесці сярэдні заробак да 500 даляраў
Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся давесці сярэдні зарабак да 500 даляраў у наступным годзе.
Заслухоўваючы даклад пра перспектывы развіцця Магілёва, ён зазначыў, што цяперашні ўзровень заробкаў лічыць недастатковым. „Рыхтуйцеся набраць сярэднюю зарплату ў 500 даляраў у наступным годзе”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць немэтазгодным павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасці працы. „Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да 500 даляраў наблізіліся”, — сказаў Лукашэнка.
У снежні 2010 года, выступаючы на IV Усебеларускім народным сходзе, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка заяўляў, што да 2015 года памер заработнай платы ў Беларусі наблізіцца да 1 тысячы даляраў у эквіваленце. Планам не суджана было спраўдзіцца з-за дзвюх дэвальвацый рубля (у 2011 і 2014—2015 гадах). Да вызначанага тэрміну сярэдняя зарплата не перавысіла 500-даляравую планку. Вышэй за гэтую адзнаку яна была ў снежні 2010 года, сакавіку і красавіку 2011 года, са снежня 2012 года па снежань 2014 года. Максімум быў зафіксаваны ў ліпені 2014 года (каля 630 даляраў).
Да канца гэтага года, паводле прагнозаў Міністэрства эканомікі, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата па краіне павінна скласці 884,1 рубля (каля 455 даляраў). Між тым, паводле звестак Белстата, у верасні гэты паказчык склаў 732,9 рубля (каля 376 даляраў), прычым найменшае яго значэнне было зафіксаванае менавіта ў Магілёўскай вобласці — 627,2 рубля (каля 322 даляраў).