Лукашэнка даручыў ураду „самым сур’ёзным чынам прашарсціць” службу ЖКГ 115



Аляксандр Лукашэнка даручыў праверыць працу дыспетчарскай службы 115 для зваротаў па пытаннях ЖКГ.

„Шмат нараканняў на працу нядаўна створанай службы 115, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэта як хуткая дапамога. Гэта было правільнае рашэнне. І гэту службу трэба мець незалежна ад ЖКГ. Гэта служба павінна знаходзіцца ў райвыканкаме, дзесьці ў іншай арганізацыі, куды паступаюць усе скаргі ад насельніцтва. Набраў нумар 115 — табе дыспетчар адказаў, зафіксаваў скаргу, аддаў выканаўцу, і пракантралявала гэта служба, як выконваецца даручэнне. Добрая сістэма, але шмат нараканняў”.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду „самым сур’ёзным чынам прашарсціць, як функцыянуе гэта служба”. „Каб тут не было фармалізму, каб яна працавала як хуткая дапамога”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што „тэма нарады прадыктаваная жыццём”, бо практычна ўсё насельніцтва краіны штодня карыстаецца жыллёва-камунальнымі паслугамі. „І тое, наколькі людзі задаволеныя іх якасцю і даступнасцю, прама ўплывае на настроі ў грамадстве. Такім чынам, у значнай ступені фармуе сацыяльна-палітычнае становішча і ўзровень даверу да дзейнай улады”, — заявіў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях развіцця ЖКГ была разгледжана праца гэтай галіны. Вызначана, што камунальная сфера павінна стаць прыярытэтам нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў. Пасля адпаведныя рашэнні былі замацаваны ў дырэктыве № 7.

„Сёння, як мне дакладваюць, зроблена многае ў плане празрыстасці фарміравання тарыфаў, зніжэння сабекошту і забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг, павышэння надзейнасці інжынерных сетак і абсталявання. Мы не павінны забываць, што асноўным крытэрыем эфектыўнасці працы сістэмы ЖКГ з’яўляецца ацэнка якасці паслуг спажыўцом, звычайным чалавекам. І пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, супакойвацца рана”, — падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы, паведамляе яго прэс-служба, таксама адрэагаваў „на некаторую апублікаваную інфармацыю негатыўнага характару пра тое, што да яго прыезду ў Полацк у горадзе заняліся работамі па добраўпарадкаванні”: „Ёсць арыгіналы, якія перажываюць за тое, што напярэдадні прыезду прэзідэнта прыйшлося горад „вылізаць” — падмесці вуліцы, пафарбаваць лаўкі… Ёсць такія, невялікая колькасць людзей: усё, што добра — дрэнна, што дрэнна — таксама дрэнна”.

Усё, што зроблена, застанецца жыхарам горада, заявіў ён. „Я, прыехаўшы сюды, убачыўшы чысты і акуратны горад, з сабой яго не павязу. Гэта ўсё застанецца тут. Таму не хвалюйцеся, жыхары роднага Полацка, нічога не звязем”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by