Лукашэнка дазволіў адбіраць зямлю для пошуку нафты



Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 352 «Аб будаўніцтве нафтавых і газавых свідравін». Аблвыканкамы маюць права прымаць рашэнні аб адбіранні і перадачы «Беларуснафце» зямельных участкаў і лясных зямель для будаўніцтва і абслугоўвання свідравін, узвядзення і рэканструкцыі аб’ектаў уладкавання нафтавых радовішчаў.

«Займанне такіх зямельных участкаў РУП „Беларуснафта“ без дакументаў, якія сведчаць права на іх, не з’яўляецца самавольным займаннем участкаў», — гаворыцца ў дакуменце.Распрацоўка свідравін таксама дазваляецца ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку — гэта зона адсялення ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрмін правядзення экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі на будаўніцтва свідравін не павінен перавышаць 10 рабочых дзён. А дзяржорганы на працягу 5 рабочых дзён з даты звароту «Беларуснафты» абавязаныя выдаваць рашэнні для правядзення пошукавых работ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belchemoil.by