Лукашэнка: Гара бытавых адкiдаў пад Менскам ужо бачная з космасу



Неабходна распрацаваць доўгатэрміновую праграму па рэкультывацыі і закрыцці палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, а таксама па ўкараненні новых падыходаў да абыходжання з імі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 кастрычніка на рэспубліканскім семінары „Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”.

„Найбольш востра гэтая праблема стаіць для нашай сталіцы. На палігоне „Паўночны” за перыяд яго эксплуатацыі з 1981 года захавана 25 млн тон адходаў, што больш чым у сем разоў перавышае праектныя нагрузкі. І гара адходаў ужо бачная пры пад’ездзе да горада за некалькі дзясяткаў кіламетраў і з космасу вельмі добра бачная”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Паводле яго слоў, такі стан спраў патрабуе распрацоўкі доўгатэрміновай праграмы па рэкультывацыі і закрыцці палігонаў, а таксама па ўкараненні новых падыходаў да абыходжання з адходамі. „У нас не так шмат свабоднай зямлі, каб будаваць палігоны і складаваць на іх смецце. Тым больш вам паказалі самыя сучасныя ўзоры і падыходы да гэтай справы. Рэнтабельныя для тых, хто гэтага хоча. Навука павінна падключыцца і сказаць, што найбольш мэтазгодна: спальваць смецце і атрымліваць ад гэтага энергію або большую яго частку перапрацоўваць”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка ўдакладніў, што кожны год у краіне ўтвараецца 4 млн тон цвёрдых камунальных адходаў. З іх па выніках 2016 года накіравана на захаванне 84%, а на перапрацоўку — толькі 16%. „Так, нібыта на фоне суседзяў мы выглядаем цалкам годна: апярэдзілі ўсе краіны СНД, Латвію, Славакію, зраўнаваліся з Іспаніяй, Партугаліяй, Фінляндыяй. Але праблема гэта сур’ёзная. Для захавання ўсяго аб’ёму камунальных адходаў у рэспубліцы выкарыстоўваецца 168 палігонаў і 1,5 тыс. міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Больш за 90% з іх пабудаваныя ў часы СССР. Магутнасці гэтых палігонаў цяпер практычна вычарпаныя, а эксплуатацыя не забяспечвае бяспечнага ўтрымання адходаў, — сказаў афіцыйны лідар. — Мы ведаем, што гэта за палігоны і міні-палігоны. Лётаючы над краінай, я гэта вельмі добра бачу. Новаму міністру прыродных рэсурсаў (Андрэю Худыку.) пастаўлена жалезная задача разабрацца з тымі, хто адказвае за гэтыя палігоны, і асабліва з тымі, хто гэтыя палігоны стварае абы-дзе. Гэта значыць засмечваюць лясы, дарогі, прыдарожныя палосы і гэтак далей. Вы ведаеце, пра што ідзе гаворка. Дзейнічайце”.

belapan.com