Лукашэнка і Мядзведзеў дамовіліся аб пастаўках вуглевадароднай сыравіны



Ва ўмовах адсутнасці кантрактаў, якія рэгламентуюць адносіны з Расеяй у нафтавай сферы ў 2020 годзе, беларускі бок мае намер заключаць пагадненні аб пастаўках сыравіны з канкрэтнымі суб’ектамі гаспадарання РФ, вынікае з паведамлення прэс-службы прэзідэнта па выніках праведзеных 31 снежня тэлефонных перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прэмʼер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым і міністрам энергетыкі гэтай краіны Аляксандрам Новакам.

Вынікам перамоў з Мядзведзевым стала «дамоўленасць аб арганізацыі канкрэтнай працы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь», адзначыла прэс-служба. У гутарцы з Новаком абмяркоўваліся «гэтыя ж пытанні». Гаворка ішла аб «канкрэтных графіках і кампаніях, якія будуць пастаўляць нафту ў Беларусь».

Прэс-служба расейскага ўрада пацвердзіла перамовы з Лукашэнкам: бакі «абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і энергетычнай сферах».

Пытанні паставак нафты і газу Лукашэнка абмяркоўваў па тэлефоне з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 30 і 31 снежня. У апошні дзень 2019 года афіцыйны беларускі лідар правёў нараду з кіраўнікамі айчыннага нафтахімічнага комплексу і даручыў «у найбліжэйшыя гадзіны» заключыць дамовы на пастаўку нафты з Расеі і забяспечыць яе набыццё з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода «Дружба», што фактычна азначае пачатак рэверсу, пра што Лукашэнка казаў у інтэрвʼю радыёстанцыі «Эхо Москвы» 24 снежня. Ён заявіў тады, што, калі Расея ўстановіць занадта высокую цану на нафту і газ, Беларусь будзе шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. «Я магу праз Польшчу, яны прапаноўваюць (гэта самы танны маршрут), узяць саудаўскую або амерыканскую нафту, што танней з рынку ў Гданьску, і па трубе завезці рэверсам», – сказаў Лукашэнка. Як адзначыў пазней Венядзіктаў у эфіры сваёй радыёстанцыі, гэтыя словы закранулі Крэмль.

31 снежня прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў параіў «не перабольшваць рызыкі» вакол перамоў Пуціна і Лукашэнкі па нафце і газе. «Цяпер не варта перабольшваць рызыкі. Хаця, сапраўды, пакуль не ўдалося дасягнуць дамоўленасці, – цытуе Пяскова тэлеграм-канал »Пул № 3«, які вядуць журналісты з пула прэзідэнта РФ. – Учора была вельмі доўгая, грунтоўная гутарка прэзідэнтаў, абмяркоўваліся і пытанні інтэграцыі, газавыя і нафтавыя справы. Пакуль дамоўленасці дасягнуць не ўдалося. Апакаліптычныя сцэнары пакуль прапаноўваем не абмяркоўваць, дыялог будзе працягнуты».

Тым часам агенцтва Reuters са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што Расея можа спыніць экспарт нафты ў Беларусь 1 студзеня. «Перамовы Масквы і Менска наконт умоў паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ у 2020 годзе зацягваюцца, што можа прывесці да прыпынення прапампоўкі сыравіны з 1 студзеня», – адзначае агенцтва.

У матэрыяле сцвярджалася, што на раніцу 31 снежня ў Беларусь з Расеі не было аформлена ні тоны нафты. «Масква і Менск не могуць дамовіцца наконт цаны на нафту, тарыфу на транзіт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампенсацыі за пагаршэнне эканомікі беларускіх НПЗ пасля правядзення падатковага манеўру ў РФ. На вырашэнне пытання ў краін засталося менш за суткі. У адваротным выпадку 1 студзеня Расеі прыйдзецца прыпыніць пастаўкі нафты ў напрамку Беларусі», – паведамляе Reuters.

«Поўны абʼём паставак па графіку ўжо дакладна не выйдзе, а ці паставяць у студзені хоць нешта – залежыць ад перамоў», – дадаў суразмоўца агенцтва.

Пытанні паставак нафты і газу ўваходзяць у лік не вырашаных Менскам і Масквой пры абмеркаванні дарожных карт паглыбленай інтэграцыі.

За некалькі гадзін да наступлення новага года «Газпром» паведаміў аб пралангацыі кантрактаў на пастаўку газу ў Беларусь да 2021 года, пры гэтым цана (не называецца) узгоднена толькі на студзень і люты.

БелаПАН

Фота: Reuters