Лукашэнка лічыць справядлівай цану 90 даляраў за расейскі газ для Беларусі
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што справядлівая цана за расейскі газ для Беларусі 90 даляраў. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з паслом Беларусі ў Расеі Уладзімірам Сямашкам 21 лютага ў Менску.
„Што датычыцца прыроднага газу, сёння ў Еўропе, і гэта мне сказаў не наш міністр, а буйны расейскі прадпрымальнік … З Сечыным (кіраўнік „Раснафты” Ігар Сечын. — БелаПАН.) мы гаварылі, ён жа таксама газам займаецца, газ менш за 110 даляраў. Гэта там — у Еўропе — на біржах. Значыць, у нас ён у раёне да 90 даляраў. Калі браць сусветную цану”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
„Так, там ёсць працяглыя, яшчэ нейкія кантракты, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Але ж доўгатэрміновыя кантракты па газе заўсёды прывязваюцца да цаны на нафту. І калі адбылося падзенне цаны на нафту, значыць, адбылося падзенне цаны на прыродны газ. Таму 127 долараў — сёння ўжо ў свеце такой цаны няма”.
Лукашэнка падкрэсліў, што гэта трэба мець на ўвазе. „І ты лепш за мяне ведаеш гэта, як гэта лічыцца, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Сямашкі. — Таму пазіцыя наша па нафце і па пастаўках прыроднага газу з Расеі, па цэнах абсалютна праяснілася. І ў гэтым кірунку мы павінны працаваць. І гэта ўсё кладзецца на цябе, хто б да цябе з міністраў ні прыязджаў”.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне паставак расейскай нафты ў Беларусь, якое яны з Уладзімірам Пуціным абмеркавалі сёння па тэлефоне. „Пасля перамоў з Пуціным і яго прапановы мы палічым цяпер, — сказаў ён. — Гэта ж просты падлік — нашы страты ад змяншэння мытнай пошліны па нафце. І да ўзроўню гэтага года, пры 24 млн тон (такі аб’ём паставак расейскай нафты ў Беларусь прадугледжаны індыкатыўным балансам на 2020 год. — БелаПАН.), гэта прыкладна 420—430 млн долараў, якія мы губляем”.
Паводле слоў Лукашэнкі, Пуцін прапанаваў гэтыя грошы Беларусі кампенсаваць. „Ён прызнаў, што гэта справядліва”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама згадаў пра заяву Пуціна, што кампенсацыя будзе зроблена за кошт расейскіх кампаній. „За кошт расейскіх кампаній — дык за кошт расійскіх, але гэта ўжо нейкі рух наперад, і ў гэтым кірунку будзем працаваць”, — падсумаваў Лукашэнка.
belapan.by