Лукашэнка: Мы не можам кінуць стратныя гаспадаркі
У Беларусі дзяржава не мае намеру кідаць стратныя сельгаспрадпрыемствы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 26 сакавіка малочнатаварны комплекс „Сліжы” прадпрыемства „Амкадор Шклоў” са структуры аграхолдынгу „Купалаўскае” (Магілёўская вобласць).
Паводле слоў Лукашэнкі, у прэсе, асабліва ў расейскай, яго паездкі па сельгаспрадпрыемствах „тлумачаць тым, што праца па развіцці галіны не дала чаканых вынікаў і трэба прымаць новыя рашэнні”.
„Трэба разумець, што без гэтых стратных гаспадарак мы лёгка можам жыць і працаваць, таму што частка мадэрнізаванай сельскай гаспадаркі дае нам поўнае спажыванне малака ўнутры краіны і на экспарт, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму мы без тых 20—25% слабых гаспадарак, якія ў нас яшчэ ёсць, наогул можам абысціся ў плане вытворчасці прадукцыі. Але там жа жывуць нашы людзі, там жа ёсць глеба, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а падымаем іх”.
„Нам трэба 100% зямлі, якая знаходзіцца ў севазвароце, падняць, стварыць нармальную вытворчасць, і галоўнае людзі — мы ж не можам пакінуць іх без увагі. Вось у чым сэнс сённяшніх размоў. Плюс навінка, новае нешта павінна быць: новыя віды прадукцыі, імпартазамяшчэнне і гэтак далей”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў і адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
„Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наогул не разумею, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць. Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы”.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу дзяржчыноўнікаў па развіцці сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах. „Цэлы віцэ-прэм`ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэнта (Міхаіл Русы.). Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці (Генадзь Лаўранкоў.). Губернатар самы прасунуты (Уладзімір Даманеўскі.). І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?” — задаўся ён пытаннем.
„Тыдзень тэрміну ўнесці прапановы, бо пойдзеце самі сюды працаваць. Я вас сюды пасылаў па кадрах — вы разбіраліся ўсю зіму, я вас папярэджваў аб сітуацыі тут. Але сітуацыя не мяняецца. Мне гэтыя абяцанні не патрэбныя”, — папярэдзіў Лукашэнка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву.