Лукашэнка: Мы не павінны „накатваць” на бізнес — хоць і брыдка сябе паказалі некаторыя іпэшнікі, айцішнікі і іншыя
Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня правёў сустрэчу з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам і старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Васілём Герасімавым.
Як паведамляе яго прэс-служба, Лукашэнка „перасцярог бізнесменаў ад спробаў прыкрыць сыходам у палітыку тыя ці іншыя махінацыі і парушэнні закона”.
„Сёння я хацеў бы ўзняць гэтае пытанне. Мы апошнім часам, зыходзячы з урокаў мінулага года, убачылі, хто ёсць хто, і жорстка і прынцыпова пачалі патрабаваць выплаты падаткаў і нармальных паводзінаў проста бізнесменаў. Я не маю на ўвазе, што бізнесмен — гэта бяспраўны чалавек і не мае права на ўласнае меркаванне. Абсалютна не. Але заўсёды падкрэсліваў і думаю, што разумныя бізнесмены мяне пачулі, што палітыка і бізнес — гэта розныя рэчы”, — адзначыў Лукашэнка.
Ён сказаў, што ўсё ў законах не прапішаш, і законы ёсць розныя, або ў палітыцы ці бізнесе. „Любы бізнесмен, які хоча займацца палітыкай, павінен строга прытрымлівацца закона. Палітыкі і бізнесмены павінны выконваць законы. Але калі ты пракраўся, як у нас гэта часта бывае (і прыклады ведаем), і рынуўся потым у палітыку, каб прыкрыць гэта ўсё, і калі раптам што, то абвінаваціць уладу, што, вось, ведаеце, я сумленны бізнесмен, пайшоў у палітыку і таму мяне заціснулі тут? Некаторыя сядзельцы, якія сёння там знаходзяцца, так сябе і вялі. Вось гэта будзе спыняцца адназначна. І не трэба крыўдзіцца на ўладу”, — падкрэсліў Лукашэнка.
„Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не значыць, што бізнесменам, кіраўнікам кампаній забаронена ісці ва ўладу. Можна. Але для гэтага ёсць выбары. Ідзіце, змагайцеся і будзьце непадкупнымі. Рабіце так у жыцці, каб не за што было цябе зачапіць. Як тут адзін з карцінамі і іншым — накраў мільёны долараў і пайшоў на выбары. Чаго пайшоў — зразумела, трэба было гэта ўсё прыкрыць. Цяпер гэта ўсё відаць — усё гэта крадзеж. Таму ва ўладу трэба ісці з чыстымі рукамі”, — заявіў ён.
„Мы апошнім часам вельмі прынцыпова, паводле закона ставімся да тых, хто павінен плаціць падаткі, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Хачу папрасіць вас і папярэдзіць: мы пад гэтую марку ні ў якім выпадку не павінны пакрыўдзіць людзей, якія сумленна працуюць, якія займаюцца па законе бізнесам, прадпрымальніцтвам. Калісьці я іх сюды запрашаў і абяцаў ім: усё, пра што мы дамовімся, на падставе закона мы будзем свята выконваць”, — сказаў Лукашэнка.
„Я хачу, каб вы разумелі: ні адзін волас з прадпрымальніка і бізнесмена, які сумленна працуе, не павінен зваліцца. Мы ні ў якім разе не павінны ператварыць у моду — задушыць нейкага прадпрымальніка і бізнесмена. Гэта людзі, якія працуюць на дзяржаву і прыносяць яму карысць. Толькі адзінае: падаткі трэба плаціць, людзей, якія ў цябе працуюць, не крыўдзіць”, — падкрэсліў ён.
Адначасова Лукашэнка заявіў, што ні ў якім разе нельга беспадстаўна „накатваць” на бізнес і спецыяльна шукаць для гэтага падставу. „Мы ні ў якім выпадку не павінны „накатваць”. Хоць і брыдка сябе павялі некаторыя іпэшнікі, айцішнікі і іншыя. Нельга проста ўзяць і іх за нешта пакараць. Не трэба шукаць нагоду, прычыны і гэтак далей. Хай працуюць паводле закона. Парушыў закон — на ўсю катушку хай адказваюць”, — папярэдзіў ён.
„Я хачу, каб бізнесмены мяне пачулі, што ніхто з імі зводзіць рахункі не будзе. Хтосьці памыліўся, хтосьці заблудзіў, хтосьці няправільна зразумеў нешта. Трэба з імі паразумецца. Я гатовы нават на маім узроўні гэта рабіць, калі вы знойдзеце адпаведную форму. Але тых, хто працаваў сумленна ў нас, тых, хто хоча да нас прыйсці працаваць, мы павінны іх прымаць як сваіх людзей, якія карысныя для народа і дзяржавы. Перагібаў нельга дапускаць ні ў якім разе. Я не бачу такіх перагібаў, але не хачу, каб яны былі ў будучыні”, — заявіў Лукашэнка.
БелаПАН