Лукашэнка: Мы завозім столькі імпарту, што ў вачах становіцца цёмна
Больш актыўна развіваць імпартазамяшчэнне і змагацца з пасрэднікамі запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам.
„Мы адкрылі вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Паглядзіце, колькі там беларускага — мізэр. А нам трэба, каб мы рабілі ўсе сваё. Давайце будзем рабіць там сядзенні для аўтамабіляў, хай з часам — рухавікі, трансмісіі”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Ён падкрэсліў, што беларускім прадпрыемствам трэба пераймаць сусветныя тэхналогіі, закупляць адпаведнае абсталяванне і вырабляць паводле імпартазамяшчэння ўсё неабходнае. „Гэтага хопіць на ўсё наша жыццё і нашым дзецям для развіцця эканомікі. Мы яшчэ па імпарце столькі завозім, што ў вачах часам становіцца цёмна: ад зубачыстак да рухавікоў. Імпартазамяшчэнне — вельмі важнае пытанне. Нічога не трэба выдумляць, трэба ставіць станкі, тэхналагічнае абсталяванне і вырабляць камплектавальныя”, — сказаў Лукашэнка.
Закранаючы праблему пасрэдніцтва, афіцыйны лідар звярнуў увагу, што яно часта становіцца асновай для карупцыйных схем: „За што людзі ідуць у следчы ізалятар, а потым у турму, і перш за ўсё чыноўнікі? Усе павязаныя пасрэдніцкімі схемамі. І што дзівіць: у нас пасрэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляем, і праз пасрэдніка мінскія прадпрыемствы купляюць”.
belapan.by
