Лукашэнка: „Нафтан” ледзь зводзіць канцы з канцамі
З флагмана эканомікі нафтаперапрацоўка ператвараецца ў стратную галіну, заявіў кіраўнік краіны 1 чэрвеня на нарадзе, прысвечанай стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўчай сферы.
„Няма неабходнасці яшчэ раз казаць пра важнасць гэтага пытання. Калісьці я ўжо казаў, што гэтае пытанне кшталту незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны зрабіць усё, каб арганізаваць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі. Мы павінны выпрацаваць план дзеянняў па вывадзе нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існай дрэннай сітуацыі”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
Лукашэнка падкрэсліў, што нафтаперапрацоўка — гэта стратэгічная галіна краіны, доля якой у прамысловасці складае больш за 13%, а ў экспарце — прыблізна 17%. „Тым не менш яе ўнёсак у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дададзены кошт нафтаперапрацоўкі ў ВУП у 2016 годзе складае ўсяго паўпрацэнта. Уклад двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як „Белтэлекам”, — сказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у 2016 годзе з’явілася негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, сальда паводле вынікаў гэтага года ацэньваецца як адмоўнае. „Такая сітуацыя выклікае сур’ёзныя асцярогі. Нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну”, — заявіў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ва ўдасканаленне і мадэрнізацыю НПЗ укладзеныя „немалыя грошы, а належнай аддачы да гэтага часу няма”. У прыватнасці на запланаваную ў 2015 годзе глыбіню перапрацоўкі нафты большую за 90% на сённяшні дзень так і не ўдалося выйсці.
Лукашэнка адзначыў, што на зніжэнні эфектыўнасці працы аб’ектыўна адбіўся ўплыў сусветнай кан’юнктуры, значнае падзенне цэн на нафту. Разам з тым, дадаў ён, ёсць пралікі ў вызначэнні стратэгіі развіцця галіны, адсутнічае выразная праграма дзеянняў урада па гэтым пытанні. „Некампетэнтная падрыхтоўка праектаў, няправільнае размеркаванне сіл і сродкаў прывялі да павелічэння кошту і тэрмінаў будаўніцтва (па асобных праектах аж да пяці гадоў). Выклікае сумнеў, што ў дэклараваным 2019 годзе мы канчаткова завершым мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў”, — сказаў беларускі кіраўнік.
Паводле яго слоў, айчынныя прадпрыемствы аказаліся не гатовыя працаваць у новых умовах сусветных цэн на нафту, хоць павінны былі дзейнічаць на апярэджанне. „А зараз „Нафтан” ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы”, — заўважыў Лукашэнка.
Ён пацікавіўся, якая эканамічная сітуацыя на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах і што чакаецца паводле вынікаў года, якой бачыць ўрад стратэгію развіцця ўсёй галіны ў новых рынкавых умовах на доўгатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектывы, колькі часу і сродкаў спатрэбіцца для завяршэння мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэння эфектыўнасці галіны, якія запланаваныя крыніцы фінансавання. „Улічыце, на першым месцы павінна быць эканоміка нафтаперапрацоўкі, выніковасць яе працы”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Лукашэнкі, пры ўзгадненні прызначэння новых дырэктараў „Нафтана” і Мазырскага НПЗ (прызначэнне новых кіраўнікоў, Аляксандра Дзямідава і Віталя Паўлава, адбылося ў сакавіку.) ім ставіліся дакладныя задачы па выпрацоўцы праграм дзеянняў у рэальнай сітуацыі. „Часу прайшло дастаткова, каб паглыбіцца ў сутнасць справы. Я іх папярэджваў, што стаць у старую каляіну і каціць па накатанай (а я гэта бачу з вашых прапаноў на сённяшні дзень) не атрымаецца”, — дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што мадэрнізацыю нафтаперапрацоўкі будзе курыраваць нядаўна прызначаны памочнікам прэзідэнта Аляксандр Косінец.
Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, экспарт нафтапрадуктаў у першым квартале скараціўся на 46%. Асноўны аб’ём нафтапрадуктаў Беларусь пастаўляе ва Украіну і Вялікабрытанію: у першым квартале на гэтыя рынкі было экспартавана амаль 85% паліва. За першы квартал 2017 года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў 2,56 млн тон (за аналагічны перыяд 2016-га — 4,73 млн тон). У грашовым выражэнні гэты паказчык склаўся на ўзроўні 1,11 млрд долараў, знізіўшыся на 67,1 млн долараў у параўнанні са студзенем—сакавіком 2016 года.
Скарачэнне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у студзені—сакавіку 2017 года значна абумоўленае тым, што аб’ём расійскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, рэзка знізіўся падчас нафтагазавай спрэчкі.
БелаПАН