Лукашэнка: Нам трэба яшчэ адну АЭС пабудаваць
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі неабходна пабудаваць яшчэ адну атамную электрастанцыю. Гэтую тэму ён закрануў 6 лістапада падчас цырымоніі адкрыцця новых станцый трэцяй лініі мінскага метрапалітэна, выказваючыся ў кантэксце развіцця электратранспарту і выкарыстання электраэнергіі.
„Электраэнергіі будзе дастаткова, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Нашы пратэстуны плачуць, што няма куды яе падзець. Слухайце, як няма куды падзець электраэнергію? Нам яшчэ трэба адну такую станцыю пабудаваць, каб адысці ад залежнасці па вуглевадародах. Гэта шчасце, падарунак”, — заявіў ён.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала „Пул Першага”, цырымонія адкрыцця першага энергаблока Беларускай АЭС адбудзецца 7 лістапада.
Пра будаўніцтва другой АЭС Лукашэнка выказваўся і раней. Так, у красавіку 2012 года ў Мінску на сустрэчы з Юкіа Амана, які тады займаў пост генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, ён заяўляў, што пры спрыянні і падтрымцы МАГАТЭ гатовы пабудаваць у краіне яшчэ адну атамную электрастанцыю.
Праз год на сустрэчы са студэнтамі БНТУ Лукашэнка заявіў, што гатовы пачаць будаўніцтва другой АЭС, калі б у яго была такая магчымасць.
Адказваючы на пытанні парламентарыяў па выніках звароту да народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку 2019 года, Лукашэнка не выключыў, што „ў будучыні новаму грамадству давядзецца пабудаваць яшчэ адну атамную станцыю”. „Для гэтага месца ў нас ёсць. Яно ўжо вызначанае, на ўсходзе [краіны]”, — казаў ён.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.
У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. 11 кастрычніка рэактар вывелі на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці — меншы за 1% ад намінальнай.
23 кастрычніка адміністрацыя БелАЭС і кіраўніцтва „АСЭ” атрымалі дазвол МНС Беларусі на выкананне работ па этапнай праграме энергетычнага пуску першага энергаблока. Праграма прадугледжвае паступовае павышэнне магутнасці да 50% ад намінальнай, уключэнне блока ў энергасістэму краіны і правядзенне дынамічных выпрабаванняў пры 50-працэнтнай магутнасці рэактарнай устаноўкі. Завяршыць гэтыя работы плануецца ў пачатку снежня, пасля чаго пачнецца этап доследна-прамысловай эксплуатацыі блока.
Увесці блок у прамысловую эксплуатацыю, пры якой ён будзе працаваць на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.
Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі Беларусі, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.
У сувязі з энергетычным пускам БелАЭС Літва — найбуйнейшы пакупнік беларускай электраэнергіі — заблакавала магчымасць камерцыйных паставак з-за таго, што лічыць гэты ядзерны энергетычны аб’ект небяспечным. Латвія, якая салідарызавалася з Літвой, таксама адмовілася ад куплі электраэнергіі з Беларусі. Украіна таксама абвясціла, што ў 2021 годзе не плануе імпартаваць беларускую электрычнасць. Інфраструктуры для пастаўкі электраэнергіі ў Польшчу ў Беларусі на сённяшні дзень няма.