Лукашэнка наракае, Ціханоўская каментуе
З 28-ай канферэнцыі па пытаннях змены клімату ў Дубаі пад эгідай ААН. Там выступіў Аляксандр Лукашэнка, які распавядаў пра тое, як Беларусь клапоціцца пра экалогію і клімат, нават пабудавала атамную станцыю, а таксама прыгадаў, што беларускія балоты – гэта “лёгкія Еўропы”. Пры гэтым Лукашэнка наракаў, што ў адказ Беларусь атрымлівае толькі санкцыі. Падчас мерапрыемства ў Дубаі прынялі рашэнне аб пачатку працы Фонду страт і шкоды, сродкі з якога змогуць атрымаць уразлівыя краіны, каб кампенсаваць страты ад змены клімату. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў сусветных лідараў “зрабіць шчодрыя ўнёскі ў фонд”.
На гэта адрэагавала і дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. Яна заявіла, што дэмакратычныя сілы Беларусі падтрымліваюць працу гэтага фонду, але “дыктатарскі рэжым працягвае асушваць балоты і павялічваць здабычу торфу, што толькі пагаршае стан беларускіх балот. Калі ў Беларусі з’явіцца дэмакратычны, кампетэнтны і падсправаздачны ўрад, ён павінен мець доступ да фінансавання, каб рэагаваць на страты і шкоду”, – сказала палітык.
Сусветны экспарт торфу: хто лідзіруе і якія пазіцыі ў Беларусі
Рэсурс Myfin.by вывучыў статыстыку і высветліў, што лідарам у глабальным рэйтынгу экспарцёраў торфу па кошце застаецца Канада, якая зарабіла на пастаўках 525,5 мільёнаў даляраў. Далей ідуць Літва, якая зарабіла на торфе больш за 309 мільёнаў даляраў, а таксама Германія, Нідэрланды, Эстонія і Літва. Аднак асобныя краіны, у тым ліку Беларусь і Расейская Федэрацыя перасталі агучваць гэтыя дадзеныя, таму ў рэйтынгу за 2022 год гэтых краін увогуле няма, а раней яны займалі стабільна высокія пазіцыі. Апошнія вядомыя звесткі сведчаць, што Расея ў 2021 годзе займала дзявятае месца ў рэйтынгу глабальных пастаўшчыкоў, зарабіўшы 33,6 мільёны даляраў.
Афіцыйныя дадзеныя па Беларусі ёсць толькі за 2020 год, калі краіна зарабіла на пастаўках торфу 14,3 мільёны даляраў. Аднак з лічбаў, агучаных галіновымі прадпрыемствамі, можна зраіць выснову, што ў мінулым годзе Беларусь зарабіла на торфе 17 мільёнаў даляраў, заняўшы меркавана 11-ую пазіцыю ў спісе, а сёлета па стане на кастрычнік – больш за 10 мільёнаў. Пры гэтым пра закупку беларускага торфу паведамлялі Кітай, Польшча, Турцыя, Славакія, Літва ды іншыя.
Перавозчыкі Славакіі і Польшчы з пратэстамі на мяжы
Славацкія перавозчыкі блакуюць адзіны пункт пропуску для грузавога аўтатранспарту на мяжы з Украінай. Арганізатарам акцыі пратэсту выступае Саюз аўтаперавозчыкаў Славакіі. Пратэстоўцы затрымліваюць перамяшчэнне камерцыйных грузаў, якія ідуць ва Украіну. Без праблем прапускаецца транспарт з гуманітарнай дапамогай, пасажырскія аўтобусы і легкавыя аўтамабілі. Як заявілі славацкія перавозчыкі, яны будуць прапускаць не больш за чатыры камерцыйныя грузавікі за гадзіну. Галоўнае патрабаванне – аднаўленне сістэмы дазволаў для ўкраінскіх аўтаперавозчыкаў, каб для іх не было выключэнняў.
З такім самым патрабаваннем ў лістападзе аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Украінай блакіравалі польскія перавозчыкі. Яны патрабавалі, каб улады ўвялі камерцыйныя дазволы для ўкраінскіх перавозчыкаў. Гэтае пытанне лёгка вырашыць з эканамічнага пункту гледжання, але больш складана – з палітычнага.
Маладое пакаленне хоча мець на працы юрыдычнага кансультанта
Многія яшчэ, напэўна, памятаюць, як на шкоднай вытворчасці ў Беларусі давалі бясплатна малако ці яшчэ што. Або як частку заробку на мясакамбінаце выдавалі каўбасамі. Маладое пакаленне Z у свеце, то бок тыя маладыя людзі, якія толькі пачынаюць працаваць, маюць зусім іншыя падыходы да працы і іншыя патрабаванні да працадаўцы. У якасці бонусу яны ўсё часцей называюць бясплатныя юрыдычныя паслугі. Сярод анкетаваных рэсурсам MetLife 84 працэнты сказалі, што ахвотна скарыстаюцца такімі паслугамі, пры гэтым кожны чацвёрты ўпэўнены, што гэта проста неабходнасць. Юрыдычны кансультант патрэбны, каб правільна заключыць дамову арэнды, адкласці выкуплены адпачынак, аформіць дакументы і так далей. Добрая кансультацыя – гэта эканомія часу і грошай.
За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская.
Фота з адкрытых крыніц.