Лукашэнка: Нельга звальняць пенсіянераў, якія хочуць працаваць



У сённяшняй сітуацыі пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі не актуальнае. Пра гэта было заяўлена на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па асобных пытаннях сацзабеспячэння.

Аляксандр Лукашэнка

„Маё меркаванне на гэты конт вядома: калі людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту, мы ім сказалі – вось такі пенсійны ўзрост, такі пенсійны фонд, мы яго дзелім на ўсіх пенсіянераў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка:

– Чытаю пра тую пазіцыю некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дазваляюць сабе захоўваць працоўныя калектывы, у тым ліку звальняць пенсіянераў, якія там працавалі. Накшталт сітуацыя складаецца такая: „Ну што, ты на пенсіі? Давай сыходзь”. Вось гэтага дапускаць нельга, хоча чалавек працаваць, можа працаваць, няхай працуе. Бо наш лозунг пра сацыяльную дзяржаву так і застанецца лозунгам, але калі некаторыя кіраўнікі гэтага не разумеюць, то трэба кіраўніка перадусім адправіць на вуліцу і пасля паглядзім, як ён будзе сябе паводзіць.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што з кожным годам колькасць актыўна занятага насельніцтва ў эканоміцы скарачаецца, гэта значыць становіцца менш тых, хто робіць адлічэнні са свайго заробку на сацыяльныя патрэбы.

„Як раз дэмаграфічная праблема – гэта асноўны чыннік, па якому неабходна павышаць пенсійны ўзрост”, – кажа эканамічны эксперт Леанід Злотнікаў:

– Раней адлічэнняў работнікаў на пенсіянераў было дастаткова, у нас сістэма не рэфармаваная – сістэма салідарнасць, колькі там скінулі работнікі ў Фонд сацыяльнай абароны, такая будзе і пенсія ў пенсіянера. То бок няма, як у Польшчы, ні назапашвальнай часткі, ні нейкіх іншых. Рэформы пенсійнай, як было ў іншых краінах, у нас не было. У канцы 2014 года гэты пенсійны фонд сыйшоў з нулевым, а далей сітуацыя паварочваецца такім чынам, што цяпер не будзе хапаць у пенсійным фондзе і трэба будзе яго субсідзіраваць з бюджэта. То бок гэта становіцца ўжо накладным для дзяржавы такі парадак выплаты пенсій.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру працы і сацыяльнай абароны Мар’яне Шчоткінай знайсці грошы, каб з 1 верасня павялічыць пенсіі на 5%.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters