Лукашэнка пра магчымасць пастаўкі нафты з Балтыкі па трубаправодзе
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў магчымасці вырашыць пытанне з паляпшэннем лагістыкі паставак нафты з балтыйскага напрамку, у першую чаргу па пастаўцы трубаправодным транспартам. Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў 3 сакавіка на нарадзе па пытаннях забеспячэння эфектыўнай работы нафтаперапрацоўчага комплексу краіны.
„Гэта ж не праблема пабудаваць. Там, дарэчы, ёсць пара труб, якія б нас задаволілі, калі б мы іх давялі да ладу і дамовіліся з балтыйскімі дзяржавамі па гэтых трубах”, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.
Ён таксама нагадаў, што былі вельмі сур’ёзныя заявы і намеры з боку ЗША. „З дзяржсакратаром я на гэтую тэму размаўляў — дапамагчы нам з інфраструктурай і пастаўкамі нафты. Пампеа сам прапанаваў па канкурэнтнай цэнах гэтую нафту. І на мюнхенскай канферэнцыі была заява: яны вылучылі 1 млрд долараў ЗША для будаўніцтва аб’ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, — сказаў Лукашэнка. — У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі. Дзесьці нам трэба пара перамычак, якія ўрад разлічвае будаваць аж тры гады. Не будзе гэтага. Паўтара-два гады, не больш! І 100-120 млн даляраў мы самі знойдзем на гэтыя перамычкі”.
„Таму трэба проста варушыцца”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка акцэнтаваў увагу на пытанні лагістыкі дастаўкі. „Аднымі толькі дамовамі на транспарціроўку нафты яго не вырашыць, — упэўнены ён. — Неабходныя комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні. Варта прадумаць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласнікамі сыравіны”.
„Пара канчаткова прыняць той факт, што ў энергетычных пытаннях варта разлічваць толькі на сябе, а ў крытычны момант нават бліжэйшы партнёр будзе кіравацца толькі логікай уласных інтарэсаў”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
З улікам размяшчэння беларускіх НПЗ у Наваполацку і Мазыры кіраўнік дзяржавы нагадаў пра задачу па дыверсіфікацыі паставак і магчымых маршрутах. Адзін з іх — праз Украіну па нафтаправодзе Адэса — Броды, другі — праз парты на Балтыцы.
„Рынак ёсць, добры рынак, блізкія рынкі. Але патрэбная лагістыка. Мы таксама за апошнія месяцы многае прапрацавалі па пастаўках нафты. Я ўжо сказаў, што каля 40%, можа быць, 50% будзем па-ранейшаму купляць нафту ў Расеі (калі Расея захоча), калі канчаткова дыверсіфікуем. А па 30% можам купляць з портам Балтыкі і з Адэсы. Гэта будуць тры крыніцы. Мы цалкам па пастаўках нафты можам дыверсіфікавацца”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Беларускія НПЗ да гэтага часу не падпісалі доўгатэрміновыя кантракты з буйнымі расейскімі пастаўшчыкамі. Бакі не могуць дамовіцца наконт прэміі да цаны на нафту.
Прэм’ер-міністр Сяргей Румас на пачатку нарады далажыў, што з канца снежня мінулага года НПЗ Беларусі вымушаныя працаваць ва ўмовах зніжанай загрузкі вытворчых магутнасцяў. „Аб’ём перапрацоўкі нафты ў студзені—лютым 2020 года склаў 1 млн 850 тыс. т нафты, „Нафтан” — 892 тыс. т, Мазырскі НПЗ — 962 тыс. т”, — сказаў ён.
belapan.by