Лукашэнка падпісаў дэкрэт „Аб развіцці прадпрымальніцтва”
Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт „Аб развіцці прадпрымальніцтва”, які з’яўляецца ключавым дакументам пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату, паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Дэкрэт прадугледжвае кардынальную змену механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асобаў у працу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю працу перад грамадствам, адзначаецца ў паведамленні. Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы.
Для дасягнення гэтых мэтаў уводзіцца паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Іх пералік вызначаны дэкрэтам: бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў і іншыя распаўсюджаныя віды дзейнасці. Такім чынам, дзеянне дакумента ахоплівае сферы, у якіх засяроджана прыкладна 95% малога і сярэдняга бізнесу, падкрэслілі ў прэс-службе.
Для ажыццяўлення гэтых відаў дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае апавяшчэнне ў выканкам праз службу „адно акно” (дапускаецца паштовае адпраўленне з паведамленнем аб ўручэнні) альбо з дапамогай партала электронных паслуг. На наступны дзень ужо можна займацца заяўленым відам дзейнасці.
Дэкрэтам таксама зацверджаныя агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі да размяшчэння, абсталявання, утрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваныя і скарочаныя. Яны будуць з’яўляцца абавязковымі для выканання ўсімі суб’ектамі пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці.
Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў гэтай сферы, зараз будуць мець для прадпрымальнікаў выключна рэкамендацыйны характар да іх адмены.
Дэкрэтам максімальна ліквідуюцца адміністрацыйныя бар’еры, звязаныя са складанымі і працяглымі працэдурамі, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі. Так, прадпрыемствам сферы гандлю і грамадскага харчавання не трэба будзе звяртацца ў выканкамы па ўзгадненне рэжыму працы крам, рэстаранаў і кафэ. Выключэнне зробленае толькі для устаноў, якія працуюць у начны час (з 23.00 да 7.00). У сферы транспартнай дзейнасці адмяняецца абавязковае патрабаванне аб афармленні дарожных лістоў для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах.
Адмяняюцца іншыя залішнія і эканамічна затратныя патрабаванні і абмежаванні для бізнесу ў сферах вытворчасці прадукцыі, будаўнічай і транспартнай дзейнасці, гандлю і іншых.
Адначасова дэкрэт устанаўлівае адміністрацыйную адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай працы прадпрыемства. У прыватнасці за непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, якое пацягнула шкодныя наступствы, калі няма прыкмет злачынства ці іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь. „Гэтая мера закліканая на фоне лібералізацыі патрабаванняў павысіць адказнасць бізнесу за сваю дзейнасць перад грамадствам і дзяржавай”, — удакладнілі ў прэс-службе.
Дакумент закліканы надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне, лічаць у прэс-службе прэзідэнта.
Дэкрэт „Аб развіцці прадпрымальніцтва” рыхтаваўся ў межах дзейнасці створанай у студзені 2017 года рабочай групы па стымуляванні дзелавой актыўнасці на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. З членамі рабочай групы Лукашэнка сустракаўся і абмяркоўваў будучы дакумент у лютым. Першапачаткова меркавалася, што дэкрэт можа з’явіцца ўжо ў другім квартале гэтага года.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, зараз рыхтуецца сустрэча кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі бізнесу. „Дэкрэт будзе, безумоўна, падпісаны. Думаю, што тут ідзе апошняя расстаноўкі косак, і, паводле нашых звестак, прэзідэнт хоча сустрэцца з актывам дзелавой супольнасці ў снежні. Дэкрэт, хутчэй за ўсё, будзе падпісаны напярэдадні, і ён сустрэнецца — зробіць такую адкрытую размову. Мы мяркуем, прэзідэнт скажа: „Вось, я вам усё падпісаў, а цяпер — глядзіце!” — заявіў старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін 22 лістапада.