Лукашэнка падпісаў указ аб стымуляванні спажывання электраэнергіі ў жылых дамах



Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка падпісаў указ № 127 „Аб кампенсацыi расходаў на электразабеспячэнне эксплуатаванага жыллёвага фонду”.

Дакумент прыняты ў мэтах стымулявання насельніцтва да выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Гэта тычыцца аднакватэрных жылых дамоў.

У адпаведнасці з указам грамадзянам будуць кампенсаваць за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў частку расходаў на правядзенне электразабеспячэння эксплуатаванага жыллёвага фонду для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы — у памеры 20% ад кошту выкананых работ, але не больш за 40 базавых велічынь.

Для кампенсацыі расходаў грамадзянін павінен быць уключаны ў спісы, што фармуюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Указам прадугледжаная адпаведная адміністрацыйная працэдура і вызначаны пералік дакументаў, якія чалавек павінен падаць у мясцовы орган улады.

На працягу трох месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання ўказа урадам будзе вызначаны парадак кампенсацыі расходаў на электразабеспячэнне.

Пры абмеркаванні праекта гэтага ўказа 10 красавіка Лукашэнка заявіў, што лічыць патрэбным стымуляваць людзей да спажывання электраэнергіі ў жылых дамах.

„З улікам таго, што мы ўводзім ў строй атамную станцыю, з’явяцца дадатковыя аб’ёмы электрычнай энергіі, — адзначыў Лукашэнка. — Як я часта казаў, нам трэба больш спажываць электраэнергіі, таму што ў нас яе будзе нават з лішкам (калі мы як цяпер будзем выкарыстоўваць цяперашнія магутнасці, плюс дададуцца). Гэта чыстая энергія. Сёння трэнд у свеце наогул — пераход на чыстую энергію. І мы менш будзем залежаць ужо ад прыроднага газу. Дзесьці на 5 млрд куб. м менш будзем спажываць, згодна з нашымі разлікамі”.

„Так, мы можам ім (уладальнікам індывідуальных жылых дамоў. — БелаПАН.) дапамагаць, кампенсаваць будзем. Але калі ўліку не будзе і іншыя пытанні не будуць вырашаныя, то будуць плаціць па поўнай за свае грошы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by